Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнтары ЭЗ, Вялікай Брытаніі, Украіны і ЗША заклікалі спыніць палёты самалётаў зь мігрантамі ў Беларусь


Адна з групаў затрыманых мігрантаў на мяжы Беларусі і Літвы
Адна з групаў затрыманых мігрантаў на мяжы Беларусі і Літвы

Старшыні камітэтаў у замежных справах парлямэнтаў некалькіх эўрапейскіх дзяржаў і ЗША выпусьцілі заяву аб сытуацыі зь мігрантамі на беларуска-літоўскай мяжы.

Дзеяньні афіцыйнага Менску ў ёй называюцца «кантрабандай людзей».

У заяве прадстаўнікі ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Ірляндыі, Чэхіі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Ўкраіны заклікаюць забараніць палёты рэйсаў, на якіх мігранты трапляюць у Беларусь, а таксама ўвесьці санкцыі супраць асоб і арганізацый, замяшаных у кантрабандзе людзей.

У заяве наўпрост падкрэсьліваецца, што перакідваньне мігрантаў на тэрыторыю Эўразьвязу «арганізавана дзяржавай». Адным з тых, хто апублікаваў заяву, стаў дэпутат Сэйму Латвіі Рыхардс Колс.

«Мы заклікаем да сумеснага змаганьня, накіраванага на спыненьне гандлю людзьмі празь межы ЭЗ, уключаючы падтрымку Frontex, кіраваньне межамі і візавы інструмэнт, Эўрапейскае бюро надаваньня прытулку і іншыя нацыянальныя і міжнародныя агенцтвы, якія могуць падтрымаць Літву ці іншыя дзяржавы, на якія накіраваны гэты незаконны напад рэжыму Лукашэнкі», — сярод іншага гаворыцца ў заяве.

Таксама палітыкі спадзяюцца пры пасярэдніцтве Эўразьвязу і НАТО ўрэгуляваць праблемы ў супрацы з урадамі Турэччыны і Іраку — з гэтых краін пераважна прыбываюць мігранты, якіх выкарыстоўвае Лукашэнка.

Наплыў мігрантаў зь беларускага боку працягваецца, нягледзячы на тое, што ад 2 ліпеня ў патруляваньні літоўскай мяжы мясцовым памежнікам дапамагаюць афіцэры Эўрапейскага агенцтва памежнай аховы Frontex. Акрамя іх, да памежных зь Беларусьсю ўчасткаў прыкамандзіравалі службовых асобаў іншых падразьдзяленьняў Службы аховы дзяржаўнай мяжы і выдзелілі на ахову пазачарговыя тэхнічныя рэсурсы.

7 ліпеня прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце пацьвердзіла намер ураду краіны пабудаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. На гэта спатрэбіцца 40 млн эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG