Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі правялі ператрус у праваабаронцы Салаўёва, калі яго не было дома


Зьміцер Салаўёў.
Зьміцер Салаўёў.

Раней Зьміцер Салаўёў заявіў пра катаваньні падчас затрыманьня прадстаўнікамі ГУБАЗіКу.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» даведаўся, што 22 чэрвеня ў наваполацкага праваабаронцы Зьмітра Салаўёва сілавікі правялі другі ператрус у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 342 КК.

На момант ператрусу Зьмітра Салаўёва дома не было.

Ператрус праводзілі супрацоўнікі Сьледчага камітэту, пры гэтым яны не паведамілі пра гэта адвакату. Яны выламалі замок на дзьвярах, правялі ператрус (невядома, што забралі), а пасьля паставілі свой замок і апячаталі дзьверы.

Гэта быў другі ператрус у праваабаронцы і сябра Рады Праваабарончага цэнтру «Вясна» Зьмітра Салаўёва за апошнія пяць месяцаў: першы праводзілі 16 лютага, пасьля якога яго і затрымалі.

Празь некаторы час Салаўёў заявіў пра катаваньні падчас затрыманьня. Ён расказаў, што 16 лютага прадстаўнікі ГУБАЗіК выламалі ўсе дзьверы ў доме, дзе ён знаходзіўся з жонкай і дачкой. Супрацоўнік, які кіраваў штурмам і ператрусам, пачаў біць Зьмітра, наносіў удары ў жывот і галаву. Пасьля да біцьця падключыліся іншыя асобы ў масках, білі па галаве і нагах. У адказ на патрабаваньне выдаць копію пратаколу вобшуку Салаўёў атрымаў удар па назе ад невядомага ў масцы, пасьля гэтай падсечкі паляцеў патыліцай аб падлогу.
Пасьля ператрусу ў доме Салаўёва павезьлі на мікрааўтобусе сіняга колеру. Адзін зь сілавікоў, які быў у масцы, ударыў яго ззаду кулаком у патыліцу. Наступствы — чэрапна-мазгавая траўма, пашкоджаньне шыйнага аддзелу хрыбетніка.

Пасьля здарэньня праваабаронца шукаў іншых людзей, якія пацярпелі ад згаданых супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, каб удакладніць інфармацыю пра іх.

Першага сакавіка Зьмітра Салаўёва зноў затрымалі, калі ён быў у аэрапорце «Менск», выцягнуўшы пасьля праходжаньня мытнага і памежнага кантролю, ужо з пасадкі. Зрабілі гэта чацьвёра невядомых у форме памежнікаў. Праваабаронцу даставілі ў Сьледчы камітэт і сказалі, што цяпер ён падазраваны паводле часткі 2 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках»).

Зьміцер Салаўёў назваў гэта перасьледам за дапамогу рэпрэсаваным удзельнікам мірных сходаў.

Цяпер праваабаронца мае статус падазраванага ў справе супраць «Вясны», якая заведзеная па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG