Украінца Паўла Рабешку, які мае від на жыхарства ў Беларусі, затрымалі 3 ліпеня каля 17 гадзін у Століне.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у той дзень па месцы жыхарства хлопца пяць сілавікоў правялі ператрус. Пасьля гэтага ў Паўла канфіскавалі тэлефон, а яго самога завезьлі ў невядомым кірунку. Прычына затрыманьня заставалася невядомай.
7 ліпеня прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка расказаў «Укрінформу», што хлопца вызвалілі ў той жа дзень. Пасьля здарэньня, па словах Нікаленка, Рабешка знаходзіўся на сувязі з украінскімі дыпляматамі.
Сам Павал Рабешка 9 ліпеня расказаў каналу «Свободный Столин», што пасьля затрыманьня яго завезьлі ў Пінскі КДБ.
Аб месцазнаходжаньні хлопца сваякам не паведамлялі. На працягу 6 гадзінаў супрацоўнікі КДБ праводзілі допыт Рабешкі з прымяненьнем фізычнай сілы. Па словах Паўла, яго білі па галаве, па целе, душылі і некалькі разоў шпурнулі ў шафу. А таксама пагражалі і абражалі.
Павал Рабешка паведаміў, што зафіксаваў усе сьляды пабіцьця і гэтыя доказы будуць выкарыстаныя ў рамках новай крымінальнай справы.