У сваім блогу на сайце «Вясны» Бяляцкі піша, што «легендарная „Наша ніва“, адроджаная 30 гадоў таму, зьяўляецца ня толькі грамадзкай, але й культурнаю зьяваю ў Беларусі, бо пасьлядоўна трымаецца і прапагандуе беларускую мову і культуру насуперак русіфікатарскай палітыцы ўладаў».
Алесь Бяляцкі зьвяртае ўвагу на тое, што «Андрэй Дынько зьяўляецца таксама галоўным рэдактарам часопісу „Наша гісторыя“ і дзіцячых часопісаў „Дуду“ і „Асьцярожна, дзеці“. Гэтыя сьвежыя культурніцкія беларускамоўныя праекты таксама вельмі важныя для беларусаў. Таму гэтыя арышты — удар ня толькі па вольным слове, але й па беларускай культуры і сувэрэнітэце. Бо нацыянальная культура зьяўляецца неад’емнай часткай дзяржаўнага сувэрэнітэту».
На думку Алеся Бяляцкага, «тыя, хто беспадстаўна кідаюць за краты пісьменьнікаў, актораў, дзеячаў культуры, парушаюць правы чалавека, разбураюць беларускі народ і дзяржаўны сувэрэнітэт».
Будзем спадзявацца, — піша праваабаронца, — што журналісты «Нашай нівы», якія засталіся на волі, нягледзячы ні на што, працягнуць працу за сябе і за сваіх зьняволеных калег.
Мінімум 14 прадстаўнікоў мэдыясфэры і грамадзкіх актывістаў затрымалі 8 ліпеня па ўсёй Беларусі. Пра гэта сьведчаць дадзеныя праваабаронцаў. Сёньня затрыманьні і ператрусы працягваюцца.
Затрыманыя:
- галоўны рэдактар сайту «Нашай нівы» Ягор Марціновіч затрыманы ў Менску, на 72 гадзіны зьмешчаны ў ІЧУ, падазраецца ў справе па арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»;
- галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько (Менск, на 72 гадзіны зьмешчаны ў ІЧУ, падазраецца па аналягічнай альбо той самай справе);
- рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Скурко (Менск, на 72 гадзіны зьмешчаны ў ІЧУ, падазраецца па аналягічнай альбо той самай справе);
- галоўная бухгальтарка рэдакцыі «Нашай нівы» Вольга Раковіч;
- праваабаронца і галоўны рэдактар сайту Orsha. eu Ігар Казьмярчак (Ворша, затрыманы на 72 гадзіны, падазраецца па арт. 218 КК («Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці»);
- экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў (Гомель, падазраваны ў крымінальнай справе паводле артыкулу, зьвязанага з тэрарызмам);
- тэлежурналіст-фрылансэр Зьміцер Лупач (затрымалі падчас адпачынку ў санаторыі «Пліса» ў Глыбоцкім раёне, прычыны невядомыя);
- актывіст Сьцяпан Кулік (Ворша);
- Аляксандра Гаўрусік (Берасьце);
- Дзяніс Ільюковіч;
- пэдагог Арцём Стадольнік (Докшыцы, затрымалі на 72 гадзіны, крымінальная справа невядомая);
- экс-сьледчы Юры Мацяюн (Докшыцы, крымінальная справа невядомая);
- студэнтка Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ганна Багданава;
- актывіст Ільля Міронаў (Гомель, затрыманы на 72 гадзіны).
У большасьці затрыманых па месцы жыхарства прайшлі ператрусы. Таксама ператрусы праводзіліся ў рэдакцыях выданьняў «Наша ніва», Intex-press (Баранавічы), Orsha. eu (Ворша), «Мэдыя-Палесьсе» (Пінск). У Пінску ператрус адбываўся на падставе крымінальнай справы аб «акце тэрарызму». Сілавікі прыходзілі і ў офіс «Брестской газеты». Акрамя таго, вядома аб правядзеньні ператрусаў або аглядаў яшчэ ў васьмі актывістаў у розных раёнах Віцебскай вобласьці.
9 ліпеня рэдакцыя Intex-press паведаміла, што ператрус па месцы жыхарства кіраўніцтва выданьня і ў самой рэдакцыі праводзілі супрацоўнікі КДБ. Ператрус доўжыўся амаль 7 гадзін. Пасьля чаго сілавікі канфіскавалі тэхніку, а дырэктару ТАА «Выдавецкі дом „Інтэкс-прэс“» і галоўнага рэдактара выданьня Ўладзімера Янукевіча і рэдактара сайта Руслана Равяку выклікалі на допыт у аддзел КДБ. Паводле Янукевіча, яму сказалі, што іх выклікаюць у якасьці сьведак па крымінальнай справе. Астатнія супрацоўнікі рэдакцыі працягваюць сваю працу.
З ператрусам у Intex-press сілавікі прыйшлі днём 8 ліпеня. У пастанове, якую яны прад’явілі Уладзімеру Янукевічу, паведамлялася, што ператрус праводзіцца ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па ч.2 арт.289 КК (Акт тэрарызму, дасканалы паўторна або групай асоб па папярэдняй змове) і што ў рэдакцыі могуць знаходзіцца «прадметы і прылады злачынства », а таксама дакумэнты і іншыя каштоўныя для расьсьледаваньня матэрыялы.