Як паведамляе ВВС, цырымонія адкрыцьця помніка была прымеркаваная да 60-годзьдзя Дыяны. У ёй узялі ўдзел сыны прынцэсы — прынцы Уільям і Гары, адносіны паміж якімі ў брытанскай прэсе называюць вельмі халоднымі. Адзначаецца, што гэта першае сумеснае зьяўленьне братоў пасьля пахаваньня прынца Філіпа ў красавіку.
Па шматлікіх апытаньнях лёнданскіх СМІ, першая жонка прынца Чарльза, Дыяна Спэнсэр, уваходзіць у дзясятку найвялікшых брытанцаў усіх часоў. Прынцэса займалася дабрачыннасьцю — у прыватнасьці, дапамагала ВІЧ-інфікаваным па ўсім сьвеце.
- Дыяна загінула ў аўтакатастрофе ў Парыжы 31 жніўня 1997 году разам з бойфрэндам і кіроўцам. Машына, у якой яна ехала, спрабавала ўцячы ад папарацы і ўрэзалася ў апору ў тунэлі перад мостам Альма на набярэжнай Сены. Наконт прычын аварыі было выказана шмат вэрсій, аж да той, што Дыяна загінула ў выніку змовы: нібыта такім чынам ёй адпомсьцілі за развод з прынцам Чарльзам і адмову ад пратакольных абавязкаў за год да сьмерці.
- У 2007 годзе Скотлэнд-Ярд прадставіў канчатковы даклад з вынікамі расьсьледаваньня гібелі прынцэсы. Сьледзтва выявіла, што кіроўца аўтамабіля, у якім яна ехала, быў п’яны і рухаўся са значным перавышэньнем хуткасьці, а сама Дыяна не была прышпіленая рамянём бясьпекі.