Сёлета ў сталіцы засохла ў дзесяць разоў болей дрэваў, чым летась. Прычына — рэагенты, якімі пасыпалі дарогі ўзімку, сказала прадстаўніца Менскзелянбуду Анжаліка Пузікава minsknews.by.
«Адбіралі пробы глебы на асноўных праспэктах і МКАД, вынікі дасьледаваньня паказалі, што зямля перасоленая, — сказала яна. — Аднак гэта можна заўважыць нават няўзброеным вокам. На грунце ўсё яшчэ бачны белы налёт, гэта крышталі солі».
Засохлыя дрэвы сьпілоўваюць, але новыя ня садзяць, бо яны ў такіх умовах ня здолеюць выжыць. Беларускія навукоўцы спрабуюць знайсьці бактэрыі, якія б харчаваліся сольлю і гэтак ачышчалі глебу.