Паводле сьледзтва, уначы 21 чэрвеня Юлія гуляла са сваім знаёмым. Маладыя людзі вырашылі сфатаграфавацца ў фантане. Са слоў відавочцы, зайшоўшы ў ваду, дзяўчына атрымала ўдар токам. Да прыезду мэдыкаў яна памерла на месцы здарэньня.
«Сьледча-апэратыўная група агледзела месца здарэньня. Цяпер гаварыць аб прычыне гібелі дзяўчыны заўчасна, як і сьцьвярджаць, што гэта было сьмяротнае электратраўмаваньне. Для вызначэньня дакладнай прычыны сьмерці прызначана судова-мэдычная экспэртыза, апытваюцца сьведкі», — сказалі ў ведамстве.
Намесьнік начальніка энергагазынспэкцыі па Віцебскай вобласьці Аляксей Радзькоў сказаў парталу Onliner, што ўдар току паслужыў прычынай няшчаснага выпадку, але наўрад ці сьмерці.
«Нашы спэцыялісты знаходзяцца ў Сьледчым камітэце, дзе высьвятляюцца падрабязнасьці здарэньня. Пакуль можна толькі меркаваць, што адбылося, але наўрад ці ўдар току мог паслужыць прычынай сьмерці, бо напружаньне ў фантане невялікае. Прычынай няшчаснага выпадку — так, прычынай сьмерці — наўрад ці. Дзяўчына магла ўпасьці, захлынуцца або ўдарыцца, што пацягнула за сабой сьмерць», — лічыць прадстаўнік інспэкцыі.
Юліі было 22 гады. Яна вучылася ў БНТУ на інжынэра машынабудаўніцтва і працавала майстрам на заводзе агрэгатаў у Барысаве. У Докшыцы прыехала на выходныя да бабулі.