Тэрмін утрыманьня пад вартай палітзьняволенай Марфы Рабковай працягнуты яшчэ на тры месяцы — да 17 верасьня. Такім чынам, да гэтага часу яна правядзе ў зьняволеньні ўжо год, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна», валянтэркай якога зьяўляецца Рабкова.
Марфу Рабкову затрымалі 17 верасьня 2020 году. Яна абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу — агулам ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. У красавіку сёлета яе паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільную да экстрэмізму» асобу. Такія ж захады прынялі да шэрагу іншых палітвязьняў.
Пад вартай у сьледчых ізалятарах знаходзяцца таксама іншыя праваабаронцы і валянтэры — Андрэй Чапюк (Менск), Тацяна Ласіца (Рэчыца) і Леанід Судаленка (Гомель). Да гэтага часу ў розных гарадах працягваюцца допыты сяброў «Вясны», журналістаў, грамадзкіх актывістаў і грамадзян, якія зьвярталіся па дапамогу да праваабаронцаў.
Раней спэцдакладчыкі ААН зьвярнуліся да ўладаў Беларусі з запытам аб сытуацыі з праваабаронцамі і работнікамі СМІ. У лісьце зьмяшчаецца інфармацыя пра перасьлед юрыстаў Офісу ў правах людзей зь інваліднасьцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, аб справе «Прэс-клюбу», справах праваабаронцаў ПЦ «Вясна» Марыі Рабковай, Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі, журналіста і праваабаронцы Андрэя Аляксандрава.