Трэнэра гандбольнага клюбу «Віцязь» і актывіста ініцыятывы SOS Канстанціна Якаўлева будуць судзіць паводле артыкула 24.3. Суд пройдзе ў будынку ізалятара часовага ўтрыманьня Менскага раёну. Судзьдзя — Аляксей Кропачаў.
У выніку справа Якаўлева адпраўлена на дапрацоўку. Чарговы суд над Канстанцінам адбудзецца заўтра, 18 чэрвеня, папярэдне ў 10.00 у тым жа ІЧУ Менскага раёну. Судовае паседжаньне прайшло хутка. Спачатку судзьдзя адпусьціў Канстанціна, а праз 5 хвілін зьмяніў рашэньне і пакінуў яго ў ІЧУ.
Учора пасьля затрыманьня Канстанціна Якаўлева ў яго дома быў агляд. Шукалі рэчы экстрэміцкага характару. Самога спартоўца прывезьлі дадому ў кайданках. З дому забралі 2 кампутары і тэлефоны, а таксама адзеньне ініцыятывы SOS і мэдалі з выявай «Пагоні».
16 чэрвеня міліцыянты спынілі некалькі машын са спартоўцамі, якія езьдзілі ў Баранавічы сустракаць журналіста парталу «Трыбуна» Дзьмітрыя Руту. АМАП затрымаў гандбольнага спэцыяліста, актывіста Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў (SOS-BY) Канстанціна Якаўлева. Гэта здарылася на трасе М1, побач з гатэльным комплексам «Веста» ў раёне Дзяржынску.
Як паведаміў Свабодзе дзесяціборац Андрэй Краўчанка, машыну, у якой ехалі спартоўцы, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Адразу пад’ехалі амапаўцы, усіх вывелі з аўта, загадалі пакласьці тэлефоны на капот. Пасьля затрымалі Канстанціна Якаўлева.
На думку спартоўцаў, гэта сплянаваная апэрацыя супраць Канстанціна, у якога сёньня заплянаваная адкрытая трэніроўка ў Новай Баравой.
Канстанцін Якаўлеў, галоўны трэнэр гандбольнага клюбу «Віцязь», які летась фэдэрацыя адхіліла ад гульняў чэмпіянату за падтрымку арыштаванай на 15 сутак баскетбалісткі Алены Леўчанкі, заявіў, што пачынае адкрытыя групавыя трэнаваньні на вольным паветры.
У матэрыялах справы скрыншоты з сацыяльных сетак, дзе Канстанцін запрашае на трэніроўку.
«У двары або на пляжы, у лесе або ў парку. Спорт — гэта мая мара, а яе ў мяне ніхто не забярэ. Я буду запрашаць свабодных спартоўцаў, сумленных журналістаў, вядомых вядоўцаў, артыстаў тэатру і кіно. Так мы створым сваю каманду», — праанансаваў спэцыяліст.
Першая трэніроўка прыпадала якраз на 16 чэрвеня. На сваёй старонцы ў Facebook ён напісаў, што мае на гэты дзень дзьве важныя справы.
- Паеду ў Баранавічы сустракаць з турмы журналіста Дзьмітрыя Руту.
- Правяду трэніроўку ў Новай Баравой з усімі ахвотнымі.