Камісія дзяржаўнага рэгуляваньня і цэнаўтварэньня пры Савеце Міністраў узгадніла павышэньне цэнаў на хлеб, хлебабулачныя вырабы і дзіцячае харчаваньне.
Раней гэтыя прадукты ўваходзілі ў сьпіс з больш як 60 найменьняў, цэны на якія падымаць забаранялася.
«Дзеля забесьпячэньня насычэньня рынку, а таксама недапушчэньня стратнасьці вытворчасьці і рэалізацыі ўзгоднена павышэньне цэнаў на ўвесь асартымэнт дзіцячага харчаваньня юрыдычным асобам усіх формаў уласнасьці і індывідуальным прадпрымальнікам у памеры, якi не перавышае 4% адносна цэнаў на 28 лютага 2021 году», — гаворыцца на сайце Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
Таксама дазволена павысіць цэны на ўвесь асартымэнт хлеба і хлебабулачных вырабаў юрыдычным асобам і ІП, якія ажыцьцяўляюць яго вытворчасьць і рэалізацыю на ўнутраны рынак, у памеры, якi не перавышае 4,9% адносна цэнаў на 28 лютага 2021 году.
Як удакладнілі ў ведамстве, рашэньне прынятае з улікам росту кошту асноўнай сыравіны, дапаможных матэрыялаў і тарыфаў на энэрганосьбіты і паліва, удзельная вага якіх у сабекошце хлебабулачнай прадукцыі перавышае 50%, а таксама для недапушчэньня стратнасьці вытворчасьці асобных відаў хлебабулачных вырабаў.
Цэны могуць быць павышаныя да 30 чэрвеня.