Закон «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці» 8 чэрвеня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Большая частка зьменаў набудзе моц празь дзесяць дзён.
У прыватнасьці, уводзіцца крымінальная адказнасьць:
- за наўмысную перадачу інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак іншай асобы безь яе згоды;
- у дачыненьні да ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеціўнага выданьня, за распаўсюд забароненай інфармацыі цягам году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такое ж парушэньне;
- удзел у экстрэмісцкім фармаваньні і садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці;
- парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў асобай, якая цягам году пасьля накладаньня двух адміністрацыйных спагнаньняў зноў парушыла закон;
- невыкананьне рашэньня аб прызнаньні арганізацыі экстрэмісцкай і аб прыпыненьні яе дзейнасці;
- кіраваньне транспартным сродкам асобай, якая ня мае права кіраваньня, паўторна цягам году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня;
- падатковае махлярства.
Узмацняецца крымінальная адказнасьць:
- за паклёп, заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- наўмысныя несанкцыянаванае капіяваньне, перахоп кампутарнай інфармацыі або іншае неправамернае завалоданьне зьвесткамі;
- супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананьні імі абавязкаў па ахове грамадзкага парадку;
- гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў ці яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасьці;
- гвалт, зьнішчэньне і пашкоджаньне маёмасьці ў дачыненьні да службовай асобы і яе блізкіх — супрацоўніка праваахоўных органаў, судзьдзі, народнага засядацеля;
- дэманстрацыю нацысцкай сымболікі;
- рэабілітацыю нацызму.
Пад крымінальны перасьлед таксама можна трапіць за шэраг іншых правапарушэньняў:
- абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў;
- публічныя заклікі да арганізацыі або правядзеньня сходу, мітынгу, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі, пікетаваньня альбо ўцягваньне ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах, калі іх правядзеньне пацягнула празь неасцярожнасьць гібель людзей;
- прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджаньня асобе або прычыненьне шкоды ў буйным памеры;
- зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў;
- дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
- наўмыснае блякаваньне транспартных камунікацый;
- ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў, што пацягнула шкоду ў буйным памеры.