Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што выкраданьне Пратасевіча значыць для нас усіх». Піша Тымаці Снайдэр


Тымаці Снайдэр
Тымаці Снайдэр

Польская штодзёнка Gazeta Wyborcza апублікавала тэкст амэрыканскага гісторыка і публіцыста Тымаці Снайдэра, прысьвечаны арышту ў менскім аэрапорце блогера Рамана Пратасевіча.

Прафэсар Ейльскага ўнівэрсытэту ў ЗША, вядомы сваімі грунтоўнымі кнігамі, прысьвечанымі гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, лічыць, што апэрацыя захопу блогера адбылася з адной прычыны — «Пратасевіч важны, бо ён расказваў праўду пра сваю краіну».

«Ці можа адбывацца гісторыя, калі няма нікога, хто можа пра гэта расказаць? Беларусь не ўпусьціла замежных журналістаў (гаворка пра жнівень 2020-га. — РС), і канал NEXTA, апрача некалькіх незалежных журналістаў, украінскіх журналістаў і аднаго польскага пісьменьніка, быў адной зь нешматлікіх крыніц, зь якіх людзі за мяжой маглі даведацца пра дэмакратычны рух», — піша Снайдэр.

Паводле яго, дэмакратычны рух у Беларусі, якая, як многія лічылі, асуджаная на дыктатуру, стаў натхненьнем для іншых у сьвеце. І менавіта таму, на думку Снайдэра, расейскія экспэрты памагалі беларускім дзяржаўным СМІ, паколькі жаданьне свабодных выбараў у Беларусі — пагроза для рэжыму Пуціна ў Расеі.

«Расея не раззлаваная тым, што Беларусь арыштавала яе грамадзянку ў выніку дзіўных, беспрэцэдэнтных і незаконных дзеяньняў. Гэта сьведчыць аб тым, што яна ведала пра гэта раней. Настолькі складаная апэрацыя выкраданьня мела большыя шанцы пры падтрымцы расейскай выведкі. Малаімаверна, каб беларускі рэжым, настолькі залежны ад Расеі, выканаў такое відовішчнае міжнароднае злачынства без дазволу Масквы».

Паводле Снайдэра, ня выключана, што менавіта Расея і ініцыявала гэтую спэцапэрацыю, паколькі дзейнасьць канал NEXTA была праблемай для рэжыму Пуціна.

«Нескладана заўважыць і іншы інтарэс Масквы: калі ЭЗ, як можна спадзявацца, накладзе на Беларусь санкцыі, Менск ня будзе мець іншага выбару, як яшчэ больш наблізіцца да Расеі, — піша амэрыканскі гісторык.
Снайдэр лічыць, што адзіная магчымасьць гэтаму супрацьстаяць — гэта выявіць, ці датычная да апэрацыі Расея, і пакараць таксама і яе.

«Дзяржаўны тэрарызм, які мае на мэце прымусіць замаўчаць аднаго чалавека, нагадвае нам, наколькі важныя журналісты. Бязь іхных слоў і фота мы ня здольныя зразумець праўду пра алігархію, вайну, выбары, на любыя важныя тэмы. Журналісты могуць выдатна карыстацца новымі тэхналёгіямі, як Пратасевіч, але ніякая тэхналёгія іх не заменіць. Іх вельмі мала, і ўсе яны каштоўныя. Мы павінны іх падтрымліваць паўсюль, за мяжой і ў сябе. Журналісты — героі нашага часу ва Ўсходняй Эўропе і паўсюль. Гледзячы на рызыкі, якія ім пагражаюць, і цану, якую яны плоцяць, мы павінны саромецца ўсіх сувязяў з тымі, хто называе журналістаў „ворагамі народу“. Акурат наадварот: гэта сябры народу. Па сутнасьці, адзіныя, якія ў нас ёсьць». — піша Тымаці Снайдэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG