Пра гэта ён напісаў у лісьце жонцы 13 траўня. Жонка палітвязьня Марына Адамовіч працытавала допіс мужа, у якім ён кажа, што «Генпракуратура ўжо наклала для забясьпячэньня позвы арышт на маёмасьць коштам 2 млн рублёў».
«Яшчэ чуў, што хочуць пазбаўляць званьняў тых, хто звольніўся з сілавых структураў падчас мінулагодніх падзеяў. Ствараюць небясьпечны прэцэдэнт, які можа бумэрангам вярнуцца ім самім і іх блізкім, — напісаў Мікола Статкевіч у лісьце на волю. — Думаю, гэтыя дзеяньні могуць быць выкліканыя рэальнымі эўрапейскімі сэктаральнымі санкцыямі супраць прадпрыемстваў нафтагазавай галіны. Калі такое адбудзецца, дэфолт стане імаверным. Бо праз танныя нафту і газ Масква датуе беларускі рэжым, забясьпечваючы свой кантроль над ім. Пры сусьветных коштах на вуглевадароды прадпрыемствы галіны згубяць канкурэнтаздольнасьць. А пры санкцыях яшчэ і большасьць рынкаў».
Акрамя таго, Мікола Статкевіч напісаў, што таксама атрымаў ліст зь Вярхоўнага суду аб перадачы крымінальнай справы ў Гомельскі абласны суд. Яго будуць судзіць разам з блогерамі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам і іншымі актывістамі.