Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дачка чакае, калі пойдзе з татам купляць флямастэры». Дарʼя Лосік пра 11 месяцаў бяз мужа


Беларускаму палітзьняволенаму Ігару Лосіку сёньня спаўняецца 29 гадоў. Свой дзень народзінаў ён праводзіць у турме, чакаючы суду. Ягоныя жонка Дарʼя і дачка Паўліна 11 месяцаў жывуць бяз мужа і бацькі.

Два разы на тыдзень Дарʼя Лосік возіць перадачы Ігару ў Жодзіна, а Паўліна чакае, пакуль тата вернецца, і яны разам сходзяць і купяць флямастары.

Як жыве сямʼя Ігара Лосіка, глядзіце ў відэа Свабоды.

Дарʼя Лосік між іншага расказвае:

  • «Дачка бачыць на вуліцы якое-небудзь дзіця з мамай і татам і кажа: „Зірні, там з татам ідуць“, і пачынае пытаць, дзе наш тата».
  • «Амаль год Ігар у зьняволеньні, а дачка навучылася сьвядома размаўляць, камэнтуе мульцікі, есьць самастойна відэльцам, лыжкай, п’е з кубка. Ігар прапусьціў, напэўна, адзін з самых цікавых пэрыядаў яе жыцьця. Я здымаю практычна ўсё, што з Паўлінай адбываецца».
  • «У лісьце і ў перадачы можна перадаць максымум дзьве фатаграфіі, я даволі часта кладу яму туды здымкі з дачкой. Але быў адзін пэрыяд, калі Ігар папрасіў не ўкладаць яму ў канвэрт здымкі Паўліны, бо сказаў: „Калі я бачу яе фота, я плачу“».
  • «Ігар хацеў менавіта дачку. І вось яна ёсьць, а ён ня можа зь ёй быць цяпер. Яна стопрацэнтная копія Ігара. Ён ёй малюе, лепіць стыкеры, і яна яму малюе, я пазначаю ў лісьце „Не выкідаць, малявала дачка!“, каб цэнзар ня выкінуў».
  • «Я працягваю зьвяртацца да псыхатэрапэўта. Упершыню зьвярнулася праз паўтара месяца пасьля затрыманьня Ігара. Зразумела, што ўжо немагчыма так. Пачыналіся ўжо гукавыя амарокі. Мне далі тэсты, і па іх выніках лекар сказала, што неабходна мэдыкамэнтознае лячэньне, іначай я сама хутка ня вылезу з гэтай сытуацыі. Антыдэпрэсанты прысутнічаюць у маім жыцьці».
  • «Ігар ніколі ня еў у сырым выглядзе цыбулі і часныку. А тут неяк узяў і папрасіў мяне прывезьці ў СІЗА менавіта цыбулю і менавіта часнык. Гэта было для мяне нечакана».
  • «Адна перадача вагаецца ад 50 да 80 рублёў, без мэдыкамэнтаў. За месяц 480 рублёў ідзе толькі на перадачы, бэнзін з Баранавічаў да Жодзіна і назад каля 70 рублёў, за месяц 560».
  • «Таксама Ігар прасіў мяне выпісаць паболей газэт, каб хоць на нешта там адцягвацца. Хоць дзяржаўных самых „дурацкіх“, але хоць нешта чытаць. Выпісвала яму „Новы час“, „Нашу гісторыю“, „Intex-press“, але цяпер, як разумею, незалежных друкаваных выданьняў у нас зусім не засталося. То выпісала „Комсомольскую правду“, „Прессбол“, дэтэктыўныя расьсьледаваньні, сканворды, „Вечерний Гродно“, „Вечерний Минск“, туды ўсё запар ідзе».

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG