Усе ўдзельнікі арыштаваныя на 10-15 сутак паводле арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Справы раварыстаў разглядалі судзьдзі Савецкага раёну Менску Алена Жуковіч і Сяргей Шаціла.
Усе раварысты пацьвярджалі паказаньні адзін аднаго: зьбіраліся адкрыць веласэзон, праінфармавалі ўдзельнікаў праз групу ў сацсетках, на Цнянскім вадасховішчы ня ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, лёзунгаў не выкрыквалі і сымболікі пры сабе не было.
Сьведка-міліцыянт на судзе сьцьвярджаў што нёс службу каля Цнянскага вадасховішча і ўбачыў масавае мерапрыемства на адлегласьці 10 мэтраў. Асабіста чуў, як выкрыквалі лёзунгі. Аднак на кожным судзе паказаньні сьведкі былі супярэчлівыя, а апісаць затрыманых ня мог.
18-гадовы студэнт БНТУ Мацьвей Лазар у пратаколе быў пазначаны алоўкам як арганізатар. У вопісе ягоных рэчаў быў толькі ровар, але адсутнічае заплечнік з прызамі для гонкі і сэртыфікатамі для пераможцаў.
24-гадовы Уладзіслаў Кутас на судзе заявіў, што ўсяго затрымалі 24 раварысты. Некаторыя зь іх цяпер знаходзяцца ў 6-мясцовай камэры сярод 18 чалавек.
Па словах 22-гадовага Георгія Гашко, супрацоўнікі АМАПу, якія атачылі раварыстаў, агучылі прычыну затрыманьня: «Маюцца прыкметы масавага мерапрыемства».
Па рашэньні судзьдзі Сяргея Шацілы былі арыштаваныя:
- 28-гадовы Аляксей Матусевіч — 11 сутак;
- 28-гадовы Дзяніс Парамонаў — 13 сутак;
- 24-гадовы Уладзіслаў Кутас — 12 сутак;
- 18-гадовы Мацьвей Лазар — 15 сутак;
- 20-гадовы Бахціяр Муратаў — 11 сутак;
- 18-гадовы Раман Лапіч — 12 сутак.
Аленай Жуковіч асуджаныя:
- 22-гадовы Георгій Гашко — 11 сутак;
- 21-гадовы Міхаіл Кушнер — 10 сутак;
- 25-гадовы Дзяніс Рудкоўскі — 11 сутак;
- 25-гадовы Артур Чумак — 10 сутак.