Менчукі скардзіліся на дзеяньні камунальнікаў, якія паставілі сьмецьцевы кантэйнэр каля выхаду са станцыі мэтро «Пушкінская» — акурат там, дзе людзі пакідалі кветкі ў памяць аб загінулым падчас пратэстаў 10 жніўня Аляксандры Тарайкоўскім.
Днямі гараджане заўважылі, што на месцы мэмарыялу зьявіўся брудны кантэйнэр для цьвёрдых бытавых адыходаў — проста ля тратуару пры вуліцы Прытыцкага.
Пасьля гэтага на канал гарадзкой службы 115.бел пачалі паступаць скаргі: сьметнік паставілі на праходзе без ўзгадненьня і з парушэньнем санітарных нормаў і на месцы народнага мэмарыялу.
Вось што адказалі прадстаўнікі гарадзкіх ўладаў.
«На названай тэрыторыі пашпартам аб’екта не прадугледжаны мэмарыяльны комплекс. Кантэйнэр усталяваны на цьвёрдым пакрыцьці ў сувязі з правядзеньнем несанкцыянаванага гандлю. Устаноўка ўзгоднена», — гаворыцца ў камэнтары ўладаў пад допісамі менчукоў.
Аднак, як піша Tut.by, на самой справе стыхійны гандаль адбываецца на супрацьлеглым баку — ля прыпынку на праспэкце Пушкіна. Акурат там складваюць скрынкі.
Аляксандар Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня падчас пратэстаў каля станцыі мэтро «Пушкінская». Пасьля гэтага каля выхаду зь пераходу раз-пораз зьяўляўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніках. У апошні час людзі проста несьлі туды кветкі, некаторых там жа затрымлівалі сілавікі.
Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам
10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.
Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.
Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.
Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.
У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма.
Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам
11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.
У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».
Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.
Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».