Па дапамогу (каб аплаціць паслугі адвакатаў і на перадачы) зьвярнуўся бацька Мікіты, які напісаў на сайце BYSOL:
«Мікіта Залатароў, мой 16-гадовы сын, быў выкрадзены і пабіты бандытамі ў чорнай форме за тое, што ён быў на мірнай акцыі пратэсту г. Гомлі. Прадстаўнікі нелегітымнай улады прысудзілі яму 5 гадоў турмы. Мікіта быў пабіты і з аддзелу міліцыі дастаўлены ў дзіцячую лякарню, у аддзяленьне рэанімацыі, дзе прабыў каля 24 гадзін. Пасьля чаго зьмешчаны ў Гомельскі ІЧУ, дзе яго сыстэматычна білі, безь сьлядоў пабіцьця. Білі ў тым ліку па патыліцы, там сінякоў не відаць. Цытую словы Мікіты, сказаныя са сьлязамі на вачах: „Тата, калі мяне біць перастануць?“
Цяпер Мікіта ў СІЗА, а за невыкананьне ўказаньняў ахоўнікаў СІЗА на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу, паводле арт. 364. Гэта азначае яшчэ некалькі месяцаў у СІЗА і яшчэ адзін тэрмін. Адвакат даказаў невінаватасьць Мікіты, але суд прыняў рашэньне. Мой сын утрымліваецца ў адзіночнай камэры.
Улада лічыць яго небясьпечным экстрэмістам. А я лічу што мой сын — ваяр. І пакутуе за нас усіх. Мікіта — годны грамадзянін Новай Беларусі.
Нягледзячы на зьдзекі, Мікіта не выконвае загадаў наглядчыкаў, таму што ведае, што ён не злачынца».