Як удалося высьветліць «Эўрарадыё», выплаты сапраўды атрымалі работнікі будтрэсту № 19, але не за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Перамогі — гэта была прэмія да сьвята.
Як паведаміла кіраўніца прафкаму лідзкага будтрэсту № 19 Алена Салуянава, яны «нічога крымінальнага не рабілі», проста выплацілі прэмію не на карткі, а наяўнымі грашыма.
«Паводле загаду прэміравалі людзей, як на Дзень будаўніка, як на 8 сакавіка. Гэта нармальна, многія арганізацыі так робяць. Нічога дрэннага мы не рабілі, у нас і загад ёсьць», — сказала кіраўніца прафкаму. Паводле яе, прэмію выплачвалі работнікі бухгальтэрыі.
«Так некалі ў Доме культуры было. Арандуем ДК, пад подпіс кожнаму чалавеку. Гэта на сьвята, гэта нармальная зьява», — сказала Алена Салуянава.
Першапачаткова, пасьля зьяўленьня відэа, сытуацыяй з раздачай грошай зацікавіліся ў Лідзкім райвыканкаме. Прэс-сакратарка райвыканкаму выказала здагадку, што гаворка можа ісьці аб правакацыі. Аднак пазьней яна ўдакладніла Tut.by, што жанчыны, якія выдаюць грошы, ня маюць дачыненьня да арганізацыі сьвята, таму выканкам сытуацыю камэнтаваць ня будзе.