85 сутак на ўсіх. Асудзілі астатніх затрыманых на Менскім моры
13 траўня працягваліся суды над маладымі людзьмі, якіх затрымалі за два дні да таго на Менскім моры зь бел-чырвона-белым сьцягам. На іх склалі пратаколы паводле артыкулу 24.23 КаАП.
Пра суд над Паўлам Гурэцкім не паведамілі нават яго сваякам, якія штодня чакалі разгляду справы ў судзе Менскага раёну. «Вясьне» стала вядома, што судзьдзя Антон Колабаў цішком асудзіў яго яшчэ напярэдадні на 15 сутак.
Справу 22-гадовай Аліны Букалавай разглядаў судзьдзя Вадзім Казей. Дзяўчына сваёй віну не прызнала і патлумачыла, што прыехала туды са сваім хлопцам і ня бачыла ніякай сымболікі. На агульным фота з матэрыялаў справы яе таксама няма. У выніку ёй прысудзілі 10 дзён арышту.
22-гадовая Аліна Асіпенка таксама будзе адбываць 10-дзённы арышт праз рашэньне таго ж судзьдзі Вадзіма Казея. Свой дзень народзінаў дзяўчына адзначыць на Акрэсьціна.
Яшчэ аднаго ўдзельніка кампаніі Дзьмітрыя Любахонскага судзьдзя Алена Новікава пакарала 15-дзённым арыштам.
У той жа дзень у Заслаўі затрымалі братоў Лашкевічаў. На Сяргея і Андрэя ў міліцыю паскардзілася суседка. Браты пацьвердзілі, што выпівалі піва ў двары прыватнага дому, размаўлялі, ніякіх лёзунгаў не выкрыквалі. А з той жанчынай яны ўвесь час канфліктуюць.
Але ў РУУС на іх склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП за тое, што нібыта крычалі «Жыве Беларусь!» У выніку судзьдзя Антон Колабаў вырашыў зрабіць перапынак у справах братоў для выкліку сьведкі.
Па Шанцава сілавікі прыехалі на працу
Праваабаронцы паведамілі Свабодзе, што ў Магілёве затрымалі старшыню абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзімера Шанцава. Па яго прыехалі на працу. Ён знаходзіўся 12 траўня ля абласнога суду, дзе пачаўся закрыты разгляд справы супраць палітвязьняў Паўла Севярынца і актывістаў «Эўрапейскай Беларусі».
Праваабаронцы паведамляюць, што Шанцаў быў падрыхтаваны да затрыманьня і меў «ссабойку».
Як паведаміла прэсавая сакратарка АГП Ганна Красуліна, на Шанцава з учорашняга дня палявалі сілавікі, калі яму ўдалося ўцячы ад будынку суду ў Магілёве, куды ён разам зь іншымі прыйшоў на працэс Паўла Севярынца і іншых палітвязьняў. Пазьней сілавікі прыходзілі да Шанцава дамоў, а сёньня забралі з працы.