Мурахоўскі зьнік 7 траўня. Ён паехаў на квадрацыкле ў лес з паляўнічай базы ў вёсцы Пасьпелава, у Бальшаўкоўскім раёне, і не вярнуўся. Пра яго зьнікненьне стала вядома ў нядзелю. Як адзначае «Інтэрфакс», каля сутак знаёмыя спрабавалі адшукаць чыноўніка самастойна, але 8 траўня былі вымушаныя зьвярнуцца ў паліцыю. 9 траўня пашукавікі выявілі ў шасьці з паловай кілямэтрах ад паляўнічай базы квадрацыкл міністра, аднак самога яго знайсьці не ўдалося да гэтага часу.
Аляксандр Мурахоўскі — былы галоўны ўрач бальніцы, у якой у мінулым годзе ляжаў апазыцыйны палітык Аляксей Навальны — да транспарціроўкі ў Берзін. Навальнаму пасьля экстранай шпіталізацыі 20 жніўня з борта самалёта, які ляцеў у Маскву з Томска, омскія лекары паставілі дыягназ «парушэньне абмену рэчываў». Сам апазыцыянэр і ягоныя паплечнікі ўпэўненыя, што Навальны быў атручаны баявым рэчывам «Навічок», прысутнасьць якога ва ўзорах палітыка пазьней пацьвердзілі некалькі эўрапейскіх лябараторый і бэрлінскія лекары.
Аляксандр Мурахоўскі ўзначаліў Міністэрства аховы здароўя Омскай вобласьці ў пачатку лістапада 2020, пасьля адстаўкі ранейшага міністра Ірыны Салдатовой. Яе абвясьцілі ў міжнародны вышук і завочна арыштавалі па абвінавачваньні ў шматмільённых махінацыях пры закупках мэдабсталяваньня.
У 2021 годзе памерлi былы намесьнік Мурахоўскага па анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Сяргей Максімішын і кіраўнік аддзяленьня траўматалёгіі і артапэдыі омскай бальніцы Рустам Агішаў.
Аляксей Навальны, які па вяртаньні ў Расею ў студзені быў арыштаваны і пазьней адпраўлены ў калёнію адбываць пакараньне па справе «Іў Рашэ», лічыць, што за яго замахам стаяць расейскія спэцслужбы. Ён таксама кажа пра дачыненьне да атручваньня асабіста прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Крэмль усё абвінавачваньні адмаўляе. Ўлады ставяць пад сумнеў сам факт атручваньня Навальнага на тэрыторыі Расеі.