Яна патрабуе прыпыніць працэс выдачы ліцэнзіі на прамысловую эксплюатацыю першага энэргаблёку БелАЭС. Паводле аўтараў заявы, слуханьні 30 красавіка, якія мелі фармальны характар, «не адпавядалі стандартам і не дазволілі выканаць задачы інфармаваньня грамадзкасьці», цытуе дакумэнт БелаПАН.
Сярод прэтэнзій да слуханьняў было тое што:
- на рэгістрацыю і вывучэньне апублікаванай дакумэнтацыі было адведзена шэсьць каляндарных дзён, чаго з улікам аб’ёму і складанасьці матэрыялу недастаткова,
- у дзень слуханьняў прысутныя маглі задаваць пытаньні толькі на спэцыяльным блянку, электронная форма падачы была недаступная.
- Асноўны час адвялі выступоўцам з боку арганізатараў, а ўдзельнікам ад грамадзкасьці далі для камэнтару толькі па 4 хвіліны.
- Пры гэтым сьпікеры адмовіліся адказаць на палову пытаньняў, спаслаўшыся на абмежаваньні па часе.
- «Удзельнікам было забаронена весьці аўдыё- і відэазапіс, у аднаго з зарэгістраваных удзельнікаў — экспэрта ў галіне ядзернай энэргетыкі Андрэя Ажароўскага — канфіскавалі мабільны тэлефон і ноўтбук, на якім быў тэкст ягонага выступу», — адзначылі аўтары заявы.
- У апублікаванай дакумэнтацыі няма інфармацыі, якая абгрунтоўвае надзейнасьць функцыянаваньня станцыі, адпаведнасьць праектным патрабаваньням, прымальнасьць рызык для здароўя чалавека і навакольнага асяродзьдзя.
- Таксама адсутнічалі ключавыя для прыняцьця рашэньня аб выдачы ліцэнзіі зьвесткі пра колькасьць выкідаў пры безаварыйнай эксплюатацыі і пры аварыях, аб міграцыі радыёнуклідаў у прадуктах распаду.
- Акрамя таго, выступоўцы ніяк не закранулі абыходжаньня з адпрацаваным ядзерным палівам.
«Невядома, у якой стадыі падпісаньне дадатковага пагадненьня паміж Расеяй і Беларусьсю аб перапрацоўцы паліва, — тлумачыцца ў заяве. — Дзе яно будзе захоўвацца, у якім наогул стане праектаваньне і будаўніцтва сховішча, ці атрымала Беларусь кантэйнэр для перамяшчэньня адпрацаванага паліва і на якой аснове?»
Сьцвярджаецца, што выкладзеныя дзяржаўнымі прадстаўнікамі зьвесткі «недакладныя і супярэчлівыя». Так, на сходзе ў офісе Дзяржатамнагляду Віген Марух'ян заявіў аб поўнай адсутнасьці газааэразольных выкідаў БелАЭС, аднак гэта супярэчыць афіцыйным дадзеным «Росатома» па аналягічных станцыях,— гаворыцца ў дакумэнце.
«Такім чынам, значная інфармацыя адсутнічае ў публічным доступе, а грамадзкасць абмежаваная ў правах яе вывучэньня і абмеркаваньня. Гэта сьведчыць аб тым, што апрыёры не абгрунтавана ўстойлівае функцыянаваньне БелАЭС у прымальных для здароўя чалавека і навакольнага асяродзьдзя межах», — падкрэсьлілі ў Беларускай антыядзернай кампаніі.
Беларуская АЭС узводзіцца блізу Астраўца на Горадзеншчыне пераважна за кошт крэдыту Расеі паводле расейскага праекту. Першы блёк гатовы на 99%, другі — на 80%. Выпрацоўка электраэнэргіі пачалася летась 3 лістапада, але раз-пораз працэс спыняюць нібыта на«плянавыя работы». Прамысловая вытворчасьць пачнецца пасьля атрыманьня ліцэнзіі.