ЗША спрабуюць зьменшыць напружанасьць у стасунках з Расеяй, якую многія расейскія афіцыйныя асобы апісваюць як самую сур’ёзную з часоў «халоднай вайны», заявіў Белы дом.
«Наша мэта — зьніжэньне напружанасьці ў адносінах», —цытуе «Голас Амэрыкі» прэс-сакратарку Белага дому Джэн Псакі.
Паводле яе, ЗША маюць намер «выступаць», калі ў іх «узьнікаюць асьцярогі» з нагоды паводзінаў Расеі, і «ўжываць неабходныя захады пры адказе на яе паводзіны, якое яны палічаць непрымальным».
Аднак адміністрацыя Байдэна таксама хоча знайсьці магчымасьць зрабіць гэтыя адносіны «прадказальнымі і стабільнымі», дадала Псакі.
Экс-прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, цяпер намесьнік старшыні Рады бясьпекі, у нядаўнім артыкуле папярэдзіў, што адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам апусьціліся да ўзроўню, які апошні раз дасягаўся ў гады «халоднай вайны».
Псакі сказала, што ЗША разглядаюць санкцыі супраць Расеі як «частку руху і зьмены адносінаў».
Прэс-сакратарка адмовілася пацьвердзіць паведамленьні СМІ пра тое, што прапанаваны саміт прэзыдэнта Джо Байдэна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна адбудзецца ў чэрвені.
«Мы яшчэ ня цалкам гатовыя, — сказала яна. — У нас няма пацьверджаньня якіх-небудзь дэталяў або прапанаваных тэрмінаў».