Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID: Выбух інфэкцыі ў Індыі; у Оксфардзе дзеля навукі будуць заражаць каранавірусам


Станам на 26 красавіка 2021 году колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце дасягнула 147,8 мільёна чалавек. Ахвярамі сталі 3,12 млн чалавек, ачунялі 125,4 млн.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 24 красавіка захварэлі 351 674 чалавекі, памерлі — 2 483, 342 102 паправіліся і выпісаліся.

Адным сказам:

  • 26 красавіка ў Індыі пяты дзень фіксуецца рэкордная колькасьць новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі — амаль 353 тысячы за апошнія суткі.
  • Дапамогу Індыі ў барацьбе з каранавірусам дэкляравалі ЗША, Вялікая Брытанія і Нямеччына, а таксама Эўракамісія.
  • Эўракамісія дамовілася аб закупцы 1,8 мільярда доз вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі вытворчасьці нямецка-амэрыканскай BioNTech-Pfizer з дастаўкамі на пэрыяд 2021—2023 гг.
  • 23 красавіка ў Нямеччыне ўступілі ў сілу больш жорсткія абмежаваньні ў сувязі з пандэміяй, у тым ліку будзе дзейнічаць камэнданцкі час з 22:00 да 05:00.
  • З 26 красавіка Італія пачала зьмякчаць абмежаваньні ў сувязі з пандэміяй: будуць паступова адкрывацца рэстараны і бары, якія даюць наведнікам магчымасьць сядзець за столікамі на вуліцы.
  • У ЗША з 24 красавіка адмянілі ранейшае прыпыненьне прышчэпак прэпаратам Johnson&Johnson.

У Оксфардзе будуць заражаць каранавірусам тых, хто ўжо адхварэў

Оксфардзкі ўнівэрсытэт 19 красавіка абвясьціў пра пачатак дасьледчага праекту, у рамках якога будуць заражаць вірусам SARS-CoV-2 маладых добраахвотнікаў, якія ўжо перахварэлі на каранавірус. Дасьледаваньне на людзях неабходна, каб высьветліць, які ўзровень імуннага адказу можа прадухіліць паўторнае заражэньне і як імунная сістэма адрэагуе на вірус другі раз.

Дасьледаваньне будзе праходзіць у два этапы — з рознымі групамі ўдзельнікаў на кожным. Падчас першага этапу, які пачнецца ў красавіку 2021-га, добраахвотнікі атрымаюць «мінімальную дозу» каранавірусу, заявілі ва ўнівэрсытэце. Для гэтага этапу дасьледнікам спатрэбяцца 64 добраахвотнікі ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў, а вірус, які выкарыстоўваецца ў дасьледаваньні, будзе зыходным варыянтам каранавірусу з кітайскага гораду Ўханю.

На другім этапе, які, як чакаецца, пачнецца летам 2021-га, усе ўдзельнікі будуць інфікаваныя «стандартызаванай дозай» вірусу, аб’ём якой плянуецца акрэсьліць на першым этапе. Поўная працягласьць дасьледаваньня складзе 12 месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG