Сёньня ЗША абвясьцілі, што з 3 чэрвеня аднаўляецца дзеяньне санкцыяў адносна 9 беларускіх прадпрыемстваў. Джулі Фішэр, амбасадарка ЗША ў Беларусі, пракамэнтавала гэтае рашэньне ў інтэрвію Тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга».
— Як вы лічыце, ці будзе эфэктыўным анансаваны пакет санкцыяў?
— Санкцыі, накладзеныя сёньня, ужо былі і раней. Іх аднаўленьне непасрэдна зьвязанае з пытаньнем палітычных зьняволеных, якіх на сёньня больш за 340. Я лічу, што аднаўленьне гэтага пакету санкцыяў было нашым абавязкам. Мы спадзяемся, што яны будуць эфэктыўнымі і падштурхнуць рэжым да вызваленьня гэтых 340 чалавек.
— Ці варта чакаць новых санкцыяў?
— Пытаньне далейшых эканамічных інструмэнтаў для ціску на рэжым пільна вывучаецца Кангрэсам у тым ліку і для разуменьня таго, ці могуць ЗША зрабіць нешта большае. Мы шчыльна працуем з нашымі эўрапейскімі партнэрамі і саюзьнікамі, каб зразумець, якія крокі варта рабіць далей.
— Ці будзе ўзрастаць ціск на рэжым?
— З улікам таго, што рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць людзей у турмах і ладзіць рэпрэсіі, адмаўляецца расьсьледаваць злачынствы людзей, адказных за зьбіцьцё і катаваньні беларускіх грамадзянаў, ня варта разьлічваць на паслабленьне ціску.
— Што вы маглі б сказаць тым людзям, якія працягваюць барацьбу за свабоду?
— Я хачу перадаць тым людзям, якія працягваюць барацьбу за дэмакратыю і вяршэнства закону ў Беларусі, што ЗША вераць у тыя ж прынцыпы і падтрымліваюць іх у гэтай барацьбе.