14 красавіка ў судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы затрымалі мясцовага праваабаронцу «Вясны» Аляксандра Вайцешыка, які рабіў маніторынг судовага працэсу, паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру.
Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі за тое, што ён нібыта фатаграфаваў абвінавачанага. Хаця, як пасьпеў заявіць Аляксандар, ён толькі запісваў на дыктафон працэс, што зьяўляецца ягоным правам.
Але судзьдзя Кміта не паверыў у гэта. Праваабаронцу прымушалі паказаць тэлефон, але ён не пагадзіўся. Тады ў яго забралі мабільнік, а самога затрымалі.
15 красавіка стала вядома, што Аляксандра Вайцешыка асудзілі на 15 дзён арышту. На наступны дзень стала вядома, што праваабаронцу арыштавалі паводле артыкула 24.1 КаАП (непавага да суду). На знак пратэсту на незаконнае затрыманьне і несправядлівы арышт Аляксандар абвясьціў галадоўку.