На тэлеканале Euronews заявілі, што ім не паведамілі пра спыненьне вяшчаньня ў Беларусі і яго прычыны.
Euronews даражыць свабодай слова і зробіць усё магчымае для таго, каб ягоная аўдыторыя ў Беларусі вельмі хутка зноў атрымала доступ да тэлевізійнай вэрсіі каналу, гаворыцца ў заяве.
12 красавіка кампанія «Белтэлекам» паведаміла, што з каналам Euronews не падоўжылі дамову.
Паводле Міністэрства інфармацыі, тэлеканал парушыў заканадаўства аб рэкляме.
Euronews — эўрапейскі штодзённы кругласутачны інфармацыйны тэлеканал, які сумяшчае відэахроніку сусьветных падзей і аўдыёкамэнтары на 13 мовах сьвету, у тым ліку на мовах суседзяў Беларусі — украінскай, польскай і расейскай. Заснаваны 1 студзеня 1993 году.
Кабэльнае, спадарожнікавае і эфірнае вяшчаньне каналу ахоплівае звыш 150 краін сьвету. Канал асьвятляе і падзеі ў Беларусі, у тым ліку масавыя затрыманьні і гвалт уладаў супраць мірных пратэстоўцаў. Лукашэнка ня раз прызнаваўся, што глядзіць Euronews, і цытаваў камэнтары адтуль.
Адначасова з адкулючэньнем Euronews у Беларусі пачалі трансьляваць расейскі тэлеканал «Победа». Яго стварылі да 75-годзьдзя перамогі і называюць маштабным праектам Першага каналу. Сярод яго перадач — клясыка савецкага ваеннага кіно, расейскія сэрыялы і фільмы, дакумэнтальныя праграмы, сьведчаньні вэтэранаў вайны, інтэрвію з экспэртамі і гісторыкамі.