Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Ўкраіны ў Беларусі: Выкарыстаньне сымболікі тэрарыстычных арганізацый «ЛДНР» недапушчальнае


Амбасада Ўкраіны ў Беларусі
Амбасада Ўкраіны ў Беларусі

Амбасада Ўкраіны ў Беларусі зьвярнула ўвагу беларускай улады на недапушчальнасьць выкарыстаньня ў часе грамадзкіх акцый сымболікі так званых «народных рэспублік», якія ва Ўкраіне прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі.

«У працоўным парадку амбасада зьвярнула ўвагу кіраўніцтва беларускага МЗС на недапушчальнасьць падобных інцыдэнтаў. Спадзяёмся, беларуская ўлада зробіць адпаведныя дзеяньні, каб не дапусьціць падобных выпадкаў у будучым», — адзначаецца ў адказе ўкраінскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі на запыт, які Свабода накіравала ў Міністэрства замежных спраў Украіны.

Днямі беларусы, якія ўцяклі ва Ўкраіну ад рэпрэсій і крымінальнага перасьледу за ўдзел у акцыях пратэсту, зьвярнуліся да Міністэрства замежных спраў Украіны з заклікам адрэагаваць на той факт, што на праўладным аўтапрабегу 27 сакавіка заўважылі аўтамабіль са сьцягамі так званых «ЛНР» і «ДНР».

«Такія дэманстрацыі падрываюць ідэю тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы Ўкраіна і адкрываюць пытаньне тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы Рэспублікі Беларусь, а таксама дэманструюць адкрытую прарасейскую і варожую да Ўкраіны пазыцыю афіцыйнай улады Беларусі», — напісалі беларусы ў МЗС Украіны.

Ва ўкраінскай амбасадзе адзначылі, што ведаюць пра факт выкарыстаньня сьцяга так званай «ДНР» з публікацый у СМІ. «Абнародаваныя фатаздымкі паказваюць толькі адзін аўтамабіль, адпаведна, немагчыма дакладна ідэнтыфікаваць, ці рухаўся ён у калёне на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Таксама немагчыма вызначыць дату і час падзеі», — патлумачылі ў амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі.

«Безумоўна, сам факт перасоўваньня па дарогах Беларусі аўтамабіля з сымболікай арганізацыі, прызнанай ва Ўкраіне тэрарыстычнай, выклікае глыбокае занепакоеньне», — дадалі ва ўкраінскай амбасадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG