Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баўгарыі падводзяць вынікі нядзельных парлямэнцкіх выбараў


Падлік галасоў у Баўгарыі
Падлік галасоў у Баўгарыі

На парлямэнцкіх выбарах у Баўгарыі пасьля падліку дзьвюх трацінаў пададзеных бюлетэняў лідзіруе правацэнтрысцкая кіруючая партыя GERB прэм’ер-міністра Бойкі Барысава.

За GERB аддалі галасы 25,6% выбаршчыкаў, аднак, гэтага недастаткова для самастойнага фарміраваньня новага ўраду.

Экспэрты не выключаюць, што Барысава, які дамінуе ў баўгарскай палітыцы больш за 10 гадоў, чакаюць няпростыя перамовы з партнэрамі па будучай кааліцыі. Гэта зьвязана з абвінавачваньнямі ў карупцыі, якія гучаць у апошні час на адрас прэм’ера і яго кабінэту, і ўпэўненымі вынікамі на выбарах у партый, якія гэтую крытыку выказваюць.

На другім месцы паводле колькасьці атрыманых у ходзе нядзельных выбараў галасоў новая партыя «Ёсьць такі народ» папулярнага тэлевядучага і выканаўцы Славія Трыфанава — 18,3%. Гэтая партыя пазіцыянуе сябе як палітычная сіла, што выступае супраць цяперашняга істэблішмэнту.

Замыкае тройку лідэраў апазыцыйная партыя сацыялістаў. У яе 14,9% галасоў.

Аб’яднаньне «Дэмакратычная Баўгарыя» і левацэнтрысцкі альянс «Устань! Мафія вон!», якія арганізоўвалі буйныя антыкарупцыйныя пратэсты ў краіне з патрабаваньнем адстаўкі Барысава летась, атрымалі 10,3% і 5% адпаведна.

Парог у 4 адсотка для праходжаньня ў 240-мясцовы парлямэнт пераадольвае таксама «Турэцкі рух за правы і свабоды». У яго цяпер прыкладна 9% галасоў выбаршчыкаў.

Абвяшчэньне канчатковых афіцыйных вынікаў выбараў чакаецца ў чацьвер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG