Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не рэгістраваць, пазбаўляць акрэдытацыі, блякаваць рэсурсы. Новы закон аб СМІ істотна абмяжоўвае журналістаў


Журналістаў прыраўнаюць да ўдзельнікаў пратэстаў
Журналістаў прыраўнаюць да ўдзельнікаў пратэстаў

Пасьля перапынку на абед дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зацьвердзілі ў першым чытаньні зьмены ў закон аб СМІ. Да таго цягам гадзіны яны прынялі законапраекты аб супрацьдзеяньні «нацызму і экстрэмізму», а таксама аб масавых мерапрыемствах.

Праект прадставіў міністар інфармацыі Ігар Луцкі. Ён адзначыў, што інтэрнэт стаў «магутным фактарам уплыву на насельніцтва».

«Інтэрнэт стаў інструмэнтам інфармацыйных войнаў, накіраваных на разбурэньне грамадзкіх асноваў і маральных каштоўнасьцяў, а часам і цэлых дзяржаваў. Менавіта таму шэраг навацый, якія зьмяшчаюцца ў законапраекце, накіраваныя на рэгуляваньне праваадносінаў у інтэрнэт-прасторы», — цытуе чыноўніка агенцтва БелТА.

Сярод іншага ў абноўленым законе пашыраюцца абавязкі ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў; замацоўваюцца падставы для пазбаўленьня журналістаў акрэдытацыі; вызначаецца пералік відаў забароненай інфармацыі; пашыраецца сьпіс падставаў для адмовы ў рэгістрацыі або перарэгістрацыі СМІ; пералічваюцца прычыны блякаваньня інтэрнэт-рэсурсу.

Генпракурор і абласныя пракуроры змогуць выносіць пастановы аб абмежаваньні доступу, калі будзе зафіксаваны распаўсюд інфармацыі з «прапагандай экстрэмісцкай дзейнасьці», а таксама іншых зьвестак, якія наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам.

Акрамя таго, узгодненыя меры «для абмежаваньня замежнага ўплыву на інфармацыйны рынак, выключыўшы прэфэрэнцыі для рэдакцый СМІ, у статутным фондзе якіх замежныя інвэстыцыі перавышаюць 20%».

Абмежаваньні ў журналісцкай дзейнасьці закладзеныя і ў прыняты раней законапраект «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Адна з навацый — забараняецца асьвятляць акцыі ў жывым эфіры (стрымы), калі яны ня ўзгодненыя зь мясцовымі ўладамі. Гэтаксама ўводзяцца дадатковыя патрабаваньні да журналістаў, якія працуюць на масавым мерапрыемстве. Яны павінны захоўваць грамадзкі парадак нароўні з арганізатарамі і ўдзельнікамі, ім забараняецца выконваць «распарадчыя функцыі ў арганізацыі і правядзеньні масавага мерапрыемства».

Фактычна супрацоўнікі СМІ прыраўноўваюцца да ўдзельнікаў акцыі, што дае падставу сілавікам іх затрымліваць, судзіць і караць аж да пазбаўленьня волі.

Зрэшты, у часе леташніх поствыбарных пратэстаў гэта ўжо актыўна практыкавалася, сотні журналістаў адбывалі суткі і караліся штрафамі, больш за дзясятак сталі фігурантамі крымінальных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG