Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сутак за налепкі на таемным судзе, 10 сутак за ўзьняты кулак — адміністрацыйныя прысуды 2 красавіка


Суд Цэнтральнага раёну Менску
Суд Цэнтральнага раёну Менску

У Менску суды адправілі на «суткі» мужчыну, якому сілавікі зламалі руку, а таксама студэнтку за налепкі.

10 сутак мужчыну, якому зламалі руку пасьля затрыманьня

Пасьля «хапуна» 27 сакавіка каля ГЦ «Рыга» ў Менску Ільлю Басюку зламалі руку, зьмясьцілі яго ў карцар на трое сутак, а затым асудзілі на 10 сутак. У Партызанскім РУУСе на яго склалі два пратаколы: за «пікетаваньне шляхам узьняцьця кулака ўверх» і за «непадпарадкаваньне пры затрыманьні», піша тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае».

На першым судзе 30 сакавіка сьведка-міліцыянт у адказ на пытаньне адвакаткі Басюка сказаў, што раней ужо бачыў, як узьняты кулак падахвочваў іншых да ўдзелу ў акцыях. Але тады міліцыянт часта паўтараў «я проста пераблытаў час», і судзьдзя Міхаіл Макарэвіч накіраваў справу Ільлі на дапрацоўку. Пры гэтым у рапарце апытаньня сьведак нават не было іх асабістага подпісу, што наўпрост парушае заканадаўства.

На відэа, прадастаўленым адвакаткай, бачна, што Ільля пайшоў у аўтобус да сілавікоў добраахвотна і ягоная рука была здаровая.

Каб не выпускаць па заканчэньні 72-гадзіннага тэрміну, на Ільлю склалі новы пратакол па арт. 24.3 КаАП — нібыта за тое, што ён «у падвале РУУСу выхапіў блянк апытаньня і хацеў унесьці туды запісы без дазволу».

На судзе Басюк заявіў, што яго білі ў ІЧУ і зламалі руку. Пасьля таго ён адчувае сябе вельмі дрэнна: яго ванітуе, кружыцца галава і баліць зламаная рука. Мэдычнай дапамогі яму не аказалі, а далі толькі таблетку і бінт. Мужчына праседзеў у карцары са зламанай рукой трое сутак без матраца і пасьцельнай бялізны.

2 красавіка судзьдзя Макарэвіч пакараў Басюка па апошнім пратаколе 10-суткавым арыштам.

15 сутак за налепкі

Раніцай 2 красавіка затрымалі 21-гадовую студэнтку Віялету Ашмян, калі яна ішла на заняткі ва ўнівэрсытэт. Пры сабе ў яе былі налепкі. Дзяўчыну даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску, дзе склалі на яе пратакол па ч.1 арт. 24.23 КаАП нібыта за пікетаваньне з дапамогай налепак.

Міліцыянты адмовіліся паведамляць хоць нешта маці дзяўчыны. Пазьней высьветлілася, што Віялету ўжо асудзілі на 15 сутак, суд прайшоў таемна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG