Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два курыныя яйкі на тыдзень, 55 грамаў рыбы з галавой. Урад вызначыў паёк для зьняволеных


Сваякі затрыманых пад Акрэсьціна, архіўнае фота
Сваякі затрыманых пад Акрэсьціна, архіўнае фота

Савет Міністраў пастановай № 169 вызначыў нормы харчаваньня для вязьняў папраўчых установаў і ізалятараў. Таксама ў пастанове гаворыцца пра нормы для сродкаў асабістай гігіены.

Як вынікае з дакумэнту, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, нормы харчаваньня асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай у турмах і ізалятарах (часовага ўтрыманьня, цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў і г.д.) прадугледжваюць штодзень на чалавека:

  • 250 грамаў хлеба з сумесі мукі жытняй і пшанічнай 1-га гатунку
  • 200 грамаў хлеба з мукі пшанічнай 1-га гатунку
  • 5 грамаў мукі пшанічнай 2-га гатунку
  • 100 грамаў крупаў (грэцкіх, прасяных, ячных, рысавых, аўсяных)
  • 30 грамаў макаронных вырабаў
  • 90 грамаў мяса (сьвініны, ялавічыны І катэгорыі)
  • 55 грамаў рыбы з галавой
  • 15 грамаў маргарынавай прадукцыі з колькасьцю тлушчу 45%
  • 15 грамаў алею
  • 125 мл каровінага малака тлустасьцю ня больш за 3,6%
  • 2 курыныя яйкі (на тыдзень)
  • 30 грамаў цукру
  • 15 грамаў солі
  • 1 грам гарбаты
  • 0,1 грама лаўровага ліста
  • 3 грамы таматнай пасты
  • 20 грамаў сухога кісялю або 10 грамаў сушанай садавіны
  • 25 грамаў мяса птушкі
  • 20 грамаў вараных каўбасных вырабаў
  • 10 грамаў сьмятаны тлустасьцю да 26%
  • 500 грамаў бульбы
  • 120 грамаў капусты
  • 40 грамаў буракоў
  • 30 грамаў морквы
  • 40 грамаў цыбулі
  • 20 грамаў агуркоў, таматаў, зяленіва
  • 0,5 грама ўнівэрсальнай прыправы
  • 5 грамаў часнаку (з 1 лістапада да 31 сакавіка).

Акрамя таго, вызначылі нормы забесьпячэньня сродкамі асабістай гігіены асобаў, якiя ўтрымлiваюцца ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сыстэмы і ЛПП.

На месяц вязьням дазволена атрымаць:

  • Станкі аднаразовыя для галеньня — 4 штукі
  • Гаспадарчае мыла — 200 грамаў
  • Туалетнае мыла — 50 грамаў мужчынам і 100 грамаў жанчынам
  • Туалетная папера — рулён 25 мэтраў
  • Гігіенічныя пракладкі — 10 штук.

Дзясяткі тысяч чалавек затрымалі ў Беларусі ад пачатку леташніх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і міліцэйскага гвалту. Паводле маніторынгу праваабаронцаў, абсалютная бальшыня ацэньвае харчы ў большасьці месцаў зьняволеньня як «немагчымыя для ўжываньня».

Зьдзекам сваякі затрыманых і асуджаных называюць таксама той факт, што пэнітэнцыярныя ўстановы абмяжоўваюць графік прыёму харчовых перадач, а часам наогул іх забараняюць з прычыны «нездавальняючай эпідэмічнай сытуацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG