Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачалі судзіць доктара Бадамшына, вінавацяць у дробным хуліганстве


Доктар Руслан Бадамшын
Доктар Руслан Бадамшын

У Першамайскім судзе Менску сёньня пачалі судзіць лекара Руслана Бадамшына. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве паводле адміністрацыйнага артыкула 19.1. Працэс працягнецца заўтра.

Руслана Бадамшына затрымалі ў Менску 24 сакавіка па дарозе на працу і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. На яго склалі пратакол, дзе гаворыцца, што ён размахваў рукамі і лаяўся матам.

«Руслан выйшаў з кватэры ў 7.30 і павінен быў чакаць у машыне старэйшую дачку, каб адвезьці яе ў школу, а потым паехаць на працу. Ён выйшаў з кватэры і літаральна хвілін празь пяць пазваніў у дамафон і сказаў, што яго затрымалі на лесьвічнай пляцоўцы. Сказаў, што вязуць у „апорку“, папрасіў, каб я прыйшла і забрала дакумэнты. Ён спускаецца звычайна ліфтам, бо ў нас восьмы паверх, таму яго ўзялі на лесьвічнай пляцоўцы каля ліфта», — кажа ягоная жонка Тацяна.

Руслан таксама папрасіў Тацяну, каб яна патэлефанавала на працу і сказала, што ён будзе пазьней. Яна мяркуе, што Руслану паабяцалі, што яго адпусьцяць.

Паводле Тацяны, апошнім часам да іхнага дому пастаянна прыходзілі невядомыя, але сям’я ім не адчыняла дзьверы.

«Калі гэта надакучыла, мы адчынілі, там стаялі двое ў цывільным, яны паказалі свае дакумэнты. Яны сказалі, што хочуць правесьці гутарку з Русланам пра тое, што ён ня будзе браць удзелу ў Дні Волі. Ён павінен падпісаць нейкія паперы. Маўляў, гэтага ад іх патрабуе начальства. Яны прасілі, каб Руслан па дарозе на працу зайшоў у „апорку“ і падпісаў гэты дакумэнт, — кажа Тацяна. — А напярэдадні яны былі ў яго на працы. Яны выклікалі загадчыка аддзяленьня, дзе працуе Руслан, да начальніка мэдычнай часткі, сказалі, што хочуць пагутарыць з Русланам. Але працоўны дзень ужо скончыўся, і Руслана на працы не было. З РНПЦ яны прыйшлі дахаты, але і тут Руслана не было. Таму яны вырашылі прыйсьці раніцай».

24 сакавіка ў апорным пункце бацька забраў рэчы Руслана, потым яму дазволілі перадаць перадачу. Тацяна таксама прыйшла да пастарунку.

«Я прасіла паведаміць, калі Руслана адпусьцяць, каб перадаць на працу, дзе яго чакаюць пацыенты. Але на заднім пляне я пачула галасы, маўляў, кажы ты, што яго затрымалі. Дзяжурны з намі размаўляў вельмі груба, сам бяз маскі сядзеў, а нас прымушаў маску надзець. Размову пачуў Руслан, і ў адчыненыя дзьверы ён сказаў, што яму шыюць справу аб хуліганстве. Калі яго садзілі ў машыну мы спыталі ў супрацоўнікаў, зь якой прычыны затрымліваюць Руслана, і яны сказалі, маўляў, „ускрыўся факт хуліганства“. Яны пачалі нэрвавацца, калі я сказала, што буду шукаць сьведак», — кажа Тацяна.

Яго перавезьлі ў Першамайскі РУУС, і там сьледчы сказаў жонцы, што на Руслана склалі пратакол аб дробным хуліганстве 24 сакавіка. Маўляў, Руслан лаяўся матам і махаў рукамі.

Сёньня на суд пусьцілі толькі двух чалавек. Паводле Тацяны, Руслан адмаўляў, што ён лаяўся матам на лесьвічнай пляцоўцы.

«Каля ліфта яго чакалі супрацоўнікі ў цывільным, яны назваліся і потым спакойна пайшлі ў апорны пункт. Па дарозе ён у іх пытаўся, чаму яны тэрарызуюць яго дзяцей, чаму пастаянна звоняць і што ён нічога ня хоча падпісваць. Ён ішоў наперадзе, яны ззаду. Па дарозе аднаму зь іх нехта патэлефанаваў, і яны адказалі, што ўсё ўдалося, — кажа Тацяна. — Потым на Руслана складалі пратакол нібыта за нейкую налепку, потым яны гэты пратакол парвалі і пачалі складаць новы».

Сьведак-міліцыянтаў дапытаюць у судзе заўтра, бо сёньня была дрэнная сувязь.

Руслан Бадамшын працуе лекарам функцыянальнай дыягностыкі ў РНПЦ нэўралёгіі і нэйрахірургіі. Са жніўня мінулага году яго затрымлівалі чатыры разы, ён правёў пад арыштам 48 сутак.

Апошні раз Руслана затрымалі 14 студзеня, калі ён хварэў на ковід і вяртаўся з паліклінікі. Тады яму прысудзілі 15 сутак з адтэрміноўкай на месяц. Двое сутак ён правёў у ізалятары. Для адбыцьця астатніх сутак яго затрымалі на працоўным месцы 5 сакавіка. Ён павінен быў выйсьці 18 сакавіка, але яго адпусьцілі толькі ўвечары 19-га, таму, паводле Тацяны, сядзеў лішнія суткі. Тацяна абураецца тым, што ў краіне творыцца «поўнае бязьмежжа» і што лекараў кідаюць за краты, замест таго каб яны лекавалі людзей.

«Я сама лекар і бачу, як не хапае кадраў. І яны ўласнымі рукамі садзейнічаюць таму, каб гэтыя кадры проста не працавалі і зьяжджалі. Атрымліваецца, што дзяржава робіць усё на шкоду простым людзям. Бо для сябе яны заўсёды лекараў знойдуць».

У сям’і Руслана Бадамшына двое дзяцей — 9 і 6 гадоў.

«Сваякі дапамагаюць, проста дзеці вельмі прывязаныя да бацькі, асабліва малодшая. Таму ўсё гэта складана для іх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG