Журналіст і мэдыямэнэджэр Андрэй Аляксандраў застанецца пад вартай да 12 красавіка, паведаміў агенцтву «Интерфакс-Запад» адвакат Антон Гашынскі. Аляксандрава вінавацяць у фінансаваньні пратэставай дзейнасьці.
«Сьледзтва хацела працягнуць знаходжаньне Аляксандрава пад вартай да 12 траўня. Аднак пракуратура санкцыянавала варту толькі да 12 красавіка», — расказаў Гашынскі.
Адвакат удакладніў, што яму пра гэта стала вядома ад самога падабароннага, з дакумэнтамі Гашынскага пакуль не азнаёмілі.
Раней паведамлялася, што тэрмін знаходжаньня Аляксандрава пад вартай працягнулі да 12 траўня.
«Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 гады займаліся фінансаваньнем асобаў, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэставых акцыях на тэрыторыі гораду Менску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампэнсацыяў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей», — заявіў намесьнік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч.
Паводле яго, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў на розныя прозьвішчы. Грошы на гэта даваў фонд By_Help.
«У дадзеным выпадку Аляксандраў займаўся праваабарончай дабрачыннай дзейнасьцю, таму што грошы былі сабраныя людзьмі, для таго каб некаму дапамагаць. Гэта законная дзейнасьць. У дадзеным выпадку нават з боку падатковых органаў не магло быць ніякіх пытаньняў», — цытуе БелаПАН праваабаронцу Валянціна Стэфановіча.