Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Піневіч заявіў, што інцыдэнт з падачай кіслароду на ШВЛ ў Віцебску ня зьвязаны з гібельлю хворых


Дзьмітры Піневіч
Дзьмітры Піневіч

Міністар аховы здароўя Дзьмітрый Піневіч ў эфіры тэлеканалу СТВ заявіў, што, згодна з папярэднімі дадзенымі, інцыдэнт з падачай кіслароду на апараты ШВЛ у віцебскай лякарні, пра які пішуць у сетках, ня стаў прычынай гібелі людзей, паведамляе БЕЛТА.

Раней загадчык аддзяленьня рэанімацыі лякарні хуткай мэдычнай дапамогі ў Віцебску Ўладзімір Мартаў у інтэрвію парталу TUT. by паведаміў, што мела месца прыпыненьне падачы кіслароду да апаратаў ШВЛ, з прычыны чаго загінула некалькі чалавек.

Мартаў сказаў, што ў пачатку студзеня ў бальніцы адбылося надзвычайнае здарэньне з кіслародам. У хірургічным корпусе тры разы адключалася падача кіслароду — на 15, 20 і 23 хвіліны. Сталі паміраць людзі. «Нехта памёр у тыя ж дні, хтосьці — на наступны дзень, хтосьці — праз 3–5 дзён», — казаў Мартаў. Ён не назваў дакладную колькасьць памерлых, але паведаміў, што гэта быў «не адзін і ня два чалавекі».

«Уладзімір Мартаў — прафэсіянал, я яго ведаю досыць даўно. Ён мае сваю прафэсійную пазыцыю і нейкую іншую пазыцыю, у тым ліку палітычную, — сказаў Дзьмітры Піневіч. — Можа быць, ён паведамляў, у тым ліку і мне, аб наяўных прэцэдэнтах. Пытаньне з кіслародам — адзін з элемэнтаў, які гучаў. Таму Міністэрствам аховы здароўя ў тым ліку былі накіраваныя высокага ўзроўню спэцыялісты, якія ня толькі ацанілі магчымасьць такога здарэньня, але і ў цэлым паглядзелі працу лякарні. Мы яшчэ будзем разглядаць на ўзроўні лячэбна-кантрольнай рады Міністэрства аховы здароўя. Гэта было ў халодную пару году, калі нагрузка на кіслародную сыстэму была. Але, паводле сьцьвярджэньня іншых спэцыялістаў, гэта было кароткачасовае падзеньне ўзроўню патоку кіслароду, якое не паўплывала фатальна».

«Паводле нашых дадзеных, гібель пацыентаў з гэтай сытуацыяй не была зьвязана», — сказаў на заканчэньне Дзьмітры Піневіч.

Таксама міністар абвінаваціў доктара Уладзімера Мартава ў тым, што ў ягоным аддзяленьні мелі месца факты нядбайнага вядзеньня пацыентаў, парушэньні санітарна-эпідэмічнага рэжыму, «якія, хутчэй за ўсё, прыводзілі да ўнутрыбальнічных заражэньняў пэрсаналу, у тым ліку ў» чырвонай зоне«. Пры гэтым, паводле Піневіча, сам кіраўнік аддзяленьня дэманстраваў сваім падначаленым ня лепшы прыклад.

«Былі прынятыя меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня па цэлым шэрагу спэцыялістаў лякарні. Упраўленьне ахове здароўя аблвыканкаму комплексна разглядала паляпшэньне працы установы», — дадаў Піневіч. Паводле яго, пытаньне падаўжэньня кантракту з загадчыкам аддзяленьня наймальнік вырашае самастойна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG