Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце стварылі пэтыцыю з патрабаваньнем да ўладаў задаволіць заяўку на сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску


Дзень Волі-2019 у Менску, архіўнае фота
Дзень Волі-2019 у Менску, архіўнае фота

На сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў пад зваротам у Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт з патрабаваньнем дазволіць правядзеньне маршу і шэсьця ў Менску 25 сакавіка ў гонар 103-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

«Для нас, грамадзян Рэспублікі Беларусь, дата 25 сакавіка 1918 году, калі ў Менску Радай БНР была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата — акт аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, зьяўляецца важнай падзеяй у гісторыі Беларусі. Сёньня многія вядомыя нам навукоўцы і палітыкі ў большасьці сваёй сыходзяцца ў меркаваньні, што без БНР не было б і сёньняшняй незалежнай Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Яе аўтары, карыстаючыся правам на свабоду сходаў, мітынгаў і вулічных шэсьцяў, якое гарантуе Канстытуцыя, патрабуюць задаволіць заяўку руху «Рух за свабоду» і іншых на правядзеньне маршу і шэсьця ў гонар Дня Волі ды забясьпечыць ахову правапарадку на акцыях. Да таго ж, цяпер у Беларусі няма забароны на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у сувязі з каранавірусам, пра што сьведчыць правядзеньне VI Усебеларускага народнага сходу, Менскай лыжні-2021 і іншых масавых імпрэзаў, адзначаецца ў звароце.

Як адзначаюць аўтары пэтыцыі, забарона на правядзеньне масавых акцый у гэты дзень «ва ўмовах напружанай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне» можа прывесьці

  • да стыхійных акцый, парушэньня правапарадку і стварэньня нязручнасьцяў жыхарам і гасьцям Менску;
  • да неабходнасьці ўзмацненьня рэжыму аховы правапарадку ва ўсім горадзе, што пацягне за сабой значныя траты бюджэтнага фінансаваньня.

На момант публікацыі пад зваротам падпісаліся ўжо больш за 160 чалавек. Пасьля збору подпісаў пэтыцыю накіруюць у Менскі гарвыканкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG