Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Twitter занепакоены спробамі абмежаваць яго працу ў Расеі


Кампанія Twitter «глыбока занепакоеная частымі спробамі заблякаваць і абмежаваць публічныя зносіны ў інтэрнэце» і катэгарычна адмаўляе, што плятформа выкарыстоўваецца для прапаганды незаконных дзеяньняў.

Пра гэта гаворыцца ў заяве сэрвісу ў адказ на рашэньне «Роскомнадзора» запаволіць яго працу ў Расеі.

У кампаніі дадалі, што Twitter прытрымліваецца палітыкі абсалютнай нецярпімасьці ў дачыненьні да сэксуальнай эксплюатацыі дзяцей, заахвочваньня самагубстваў і членашкодніцтва, а таксама любых іншых супрацьпраўных дзеяньняў, уключна з купляй і продажам наркотыкаў.

«Роскомнадзор» у сераду заявіў, што прыняў меры для першаснага запаволеньня хуткасьці працы сацыяльнай сеткі Twitter у Расеі для «абароны расейскіх грамадзян і прымусу інтэрнэт-сэрвісу да выкананьня заканадаўства на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі».

У паведамленьні «Роскомнадзора» гаворыцца, што «інтэрнэт-сэрвісам Twitter у пэрыяд з 2017 году па цяперашні час не выдаляецца кантэнт, які схіляе непаўналетніх да самагубстваў, зьмяшчае дзіцячую парнаграфію, а таксама інфармацыю аб выкарыстаньні наркатычных сродкаў». Агульная колькасьць ня выдаленых, насуперак патрабаваньню ведамства, пастоў перавышае 3 тысячы.

У выпадку, калі карпарацыя Twiiter, як сьцьвярджае расейскае ведамства, працягне ігнараваць закон, магчыма ўзмацненьне жорсткасьці захадаў аж да блякаваньня.

«Роскомнадзор» ужо называў Twitter «злосным парушальнікам» расейскага заканадаўства. 5 сакавіка «Роскомнадзор» паведаміў, што склаў пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да сацыяльных сетак Facebook, Instagram, Twitter, TikTok, «ВКонтакте», «Одноклассники», мэсэнджара Telegram, а таксама відэахостынгу YouTube.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG