Па яго словах ў інтэрвію Tut.by, пачалася загрузка імітатараў цеплавыдзяляльных зборак у корпус рэактара.
«Сёлета мы плянуем фізычны пуск, гэта значыць пачаць загрузку сьвежага ядзернага паліва ў рэактар. Пасьля гэтага другі рэактар будзе выведзены на мінімальна кантраляваны ўзровень (1% ад намінальнай магутнасьці) з правядзеньнем адпаведных даследаваньняў, якія пацьвярджаюць надзейнасьць і бясьпеку працы на праектных парамэтрах. Пачнецца этап энэргетычнага пуску, падчас якога блёк будзе ўключаны ў энэргетычную сетку Беларусі», — паведаміў Аляксей Кананенка Tut.by.
Ён адзначыў, што досьвед узьвядзеньня першага блёку спатрэбіўся на будоўлі другога. Пры гэтым ён ня стаў камэнтаваць праблемы з пэрыядычным адключэньнем аб'екту ад энэргасыстэмы.
«Арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве першага энергаблёку, атрымалі вялікі досьвед і кампэтэнцыі ўзьвядзеньня аб’ектаў атамнай электраэнэргетыкі. Усе ўрокі ўлічаныя. Пры гэтым хачу адзначыць прафэсійны рост беларускіх арганізацый. Добра працуюць РУП „Белэнэргабуд“, ААТ „Гроднапрамбуд“, ААТ „Белэлектрамантажналадка“, ААТ „Прамтэхмантаж“. Гэтыя кампаніі паказваюць стабільныя вынікі на працягу ўсяго шляху будаўніцтва БелАЭС», — падсумаваў Аляксей Кананенка.
Беларуская АЭС у Астраўцы на Горадзеншчыне будуецца паводле расейскага праекту, на будаўніцтва выдадзены экспартны крэдыт памерам 10 млрд даляраў. Міжурадавае пагадненьне прадугледжвае супрацоўніцтва ў праектаваньні, будаўніцтве і ўводзе ў эксплюатацыю пад ключ двух энэргаблёкаў.
На першым працягваюцца рэглямэнтныя работы і выпрабаваньні ў рамках этапу досьледна-прамысловай эксплюатацыі.
Краіны Эўразьвязу, найперш Літва і Латвія, сумняваюцца ў бясьпецы Беларускай АЭС і адмаўляюцца набываць выпрацаваную там электраэнэргію. Пра гэта апошнім часам гавораць і ўлады Ўкраіны.