Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябар пабітага горадзенскага таксіста, які ўцёк за мяжу, таксама не прыйшоў на суд і зьехаў у Літву

абноўлена

Ігар Лазавік перад судом. Горадня, 1 лютага 2021 году
Ігар Лазавік перад судом. Горадня, 1 лютага 2021 году

Гарадзенец Ігар Лазавік, які са сьведкі стаў абвінавачаным у справе аб гвалце над міліцыянтам, не прыйшоў на свой суд. Напярэдадні свайго прысуду прапаў і ягоны сябар Аляксей Лапа.

«Прычына няяўкі суду невядомая», — адзначыла сакратарка суду.

Як паведаміў адвакат Лазавіка ў судзе, ягоны падабаронны зьехаў у Літву, вяртацца ў Горадню не плянуе.

Пракурор прапанаваў зьмяніць Лазавіку меру стрыманьня на ўзяцьце пад варту, бо ён хаваецца. Паводле тэлеканалу «Белсат», справу прыпынілі, а Лазавіка абвясьцілі ў вышук.

30-гадовы Ігар Лазавік спачатку праходзіў сьведкам у справе свайго моцна пабітага сябра, таксіста Аляксея Лапы. Пазьней на яго самога завялі крымінальную справу за гвалт над міліцыянтам. Яму пагражае да 6 гадоў калёніі. Выпадак, за які судзяць Лазавіка, здарыўся ўвечары 11 жніўня на вуліцы Савецкіх памежнікаў у Горадні. Чацьвёра сяброў езьдзілі па горадзе, сярод іх былі Аляксей Лапа і Ігар Лазавік. Каля яны спыніліся каля крамы, да аўтамабіля падышлі некалькі чалавек у чорным адзеньні без пазнак і пачалі біць па машыне. Урэшце невядомыя выцягнулі мужчын з аўтамабіля і моцна пабілі, трое зь іх трапілі ў шпіталь.
Так затрымлівалі Лазавіка і ягоных сяброў 11 жніўня. Затрыманыя ляжаць на зямлі тварам уніз. Фота чытачоў Hrodna.Life
Так затрымлівалі Лазавіка і ягоных сяброў 11 жніўня. Затрыманыя ляжаць на зямлі тварам уніз. Фота чытачоў Hrodna.Life

Аляксея Лапу пачалі судзіць у лістападзе за гвалт над двума міліцыянтамі. На судзе ў якасьці сьведкі выступаў Ігар Лазавік. Пасьля гэтага на Лазавіка таксама завялі крымінальную справу паводле артыкула 364, бо нібыта ён некалькі разоў ударыў амапаўца Дзьмітрыя Рахунка і зламаў яму палец. Лазавік віны не прызнаў. Лапу і Лазавіка судзілі асобна. Лапа пісаў заяву ў Сьледчы камітэт, каб прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, якія яго білі, аднак на тых крымінальнай справы не завялі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG