Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля затрыманьня і суду зь менскай школы звольнілі «Настаўніцу году». Бацькі дамагаюцца яе аднаўленьня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пэтыцыя з просьбай перагледзець рашэньне аб звальненьні за прагул настаўніцы «СШ № 130 Менску імя Рут Уолер» Натальлі Лукашэвіч зьявілася на сайце Petitions.by. На момант публікацыі пад ёй падпісаліся больш за 150 чалавек.

Як гаворыцца ў пэтыцыі, настаўніцу гісторыі Натальлю Лукашэвіч 22 лютага затрымалі сілавікі. 24 лютага прайшоў суд, на якім яе прызналі вінаватай паводле арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і аштрафавалі на 870 рублёў, хоць згодна з запісамі камэр відэаназіраньня «відавочна, што Натальля Мікалаеўна не прымала ўдзелу ў масавым мерапрыемстве, а была выпадковай прахожай».

Пасьля затрыманьня і суду Натальлю Лукашэвіч звольнілі за прагул. Аўтары пэтыцыі лічаць звальненьне за прагул несправядлівым, бо настаўніца ня выйшла на працу не з уласнай волі, а таму, што яе затрымалі да суду.

«Натальля Мікалаеўна Лукашэвіч — выдатны пэдагог, якога паважаюць вучні і іх бацькі. Мы ня хочам, каб нашы дзеці пазбавіліся прафэсійнага настаўніка. Наша школа названая ў гонар Рут Уолер, якая была сябрам місіі ЮНРРА ААН і кіравалася прынцыпамі шанаваньня правоў і свабодаў чалавека. Мы хочам, каб гэты пастулят быў захаваны і сёньня. Настойліва просім Вас перагледзець рашэньне і аднавіць Лукашэвіч Натальлю Мікалаеўну на яе пасадзе», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Пасьля збору подпісаў пэтыцыю накіруюць ва Ўпраўленьне па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёну Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG