Абавязковая ўмова — адмоўны ПЦР-тэст на каранавірус, зроблены не пазьней як за 72 гадзіны да ўезду. На трэці дзень знаходжаньня ў краіне трэба будзе зрабіць паўторны тэст.
Такія ж правілы, паведамляе «Грузія Online» са спасылкай на заяву прэм’ер-міністра Грузіі Іраклія Гарыбашвілі, будуць з 1 сакавіка дзейнічаць для грамадзян Армэніі, Азэрбайджану, Казахстану, Расеі і Ўкраіны.
Для перасячэньня сухапутных межаў правілы застаюцца ранейшыя — прыехаць у Грузію такім шляхам могуць грамадзяне любых краін, прышчэпленыя ад каранавірусу, якія могуць прадʼявіць дакумэнт аб праходжаньні двух этапаў гэтай працэдуры.
Таксама ў Грузіі працягвае дзейнічаць абмежаваньне на рух з 21:00 да 5:00, але ад 25 лютага адкрываюцца гатэлі на горных курортах, запрацуе міжгародні транспарт, а ад 8 сакавіка па ўсёй краіне змогуць аднавіць працу рэстарацыі ў закрытых памяшканьнях.
- Грузія, як і большасьць краін сьвету, з прычыны пандэміі прыпыняла рэгулярныя пасажырскія зносіны зь іншымі краінамі. З 1 лютага Грузія абвясьціла аб аднаўленьні рэгулярных авіязносін. З таго ж дня ў краіну дазволілі ўезд турыстаў больш як з 30 краін, пры ўмове адмоўнага тэсту на COVID-19.
- Ад пачатку пандэміі ў Грузіі, паводле афіцыйных дадзеных, заразіліся 268 995 чалавек, ачунялі 263 257 жыхароў краіны, 3463 памерлі.