Глядзіце размову цалкам на відэа.
- Анастасія Шпакоўская — акторка тэатру і кіно. Салістка рок-гурту Naka. Працавала ў Нацыянальным тэатры імя Горкага, адкуль звольнілася ў жніўні 2020 году, палічыўшы, што нельга працаваць у дзяржаўнай установе, калі «дзяржава аддае злачынныя загады». Зьехала зь дзецьмі ў Кіеў, дзе ажыцьцяўляе творчыя і адукацыйныя праекты, зьвязаныя зь Беларусьсю.
Асноўныя тэзісы Анастасіі Шпакоўскай:
Беларуская онлайн-школа паводле ўкраінскай навучальнай праграмы
— Беларуская онлайн-школа працуе ва Ўкраіне зь лістапада. Мы працуем па ўкраінскай праграме і ў дадатак да яе маем прадметы беларускага напрамку — беларускую мову, літаратуру і гісторыю. Ёсьць прадмет IT, і з намі супрацоўнічаюць настаўнікі ў гэтай галіне. Дадатковыя курсы беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Беларусі мы пачалі з 13 лютага, і да іх могуць далучыцца вучні, дзеці і беларусы з 10 да 17 гадоў зь любога пункту сьвету, нягледзячы на ўзровень падрыхтоўкі і на тое, дзе знаходзяцца.
У школе вучыцца 12 чалавек, яшчэ некалькі праходзяць вэрыфікацыю. Пакуль не атрымліваецца далучыць да паўнавартаснага навучаньня дзяцей зь іншых краінаў. Найперш мы разьлічваем на беларусаў, якія вымушана апынуліся ва Ўкраіне. Школа дае атэстацыю дзяржаўнага ўзору, і дзеці, якія ня маюць віду жыхарства і ўвогуле дачыненьня да Ўкраіны, юрыдычна ня могуць прайсьці гэтую атэстацыю. А на курсах мы не выдаём ніякіх атэстатаў, гэта проста заняткі з дапамогай беларускіх настаўнікаў, якія канцэнтравана даюць усе патрэбныя веды для беларускіх дзяцей, каб размаўляць, чытаць, пісаць і ўвогуле любіць родную мову.
Тое, што робіць улада ў Беларусі супраць нацыянальнага сьцяга і беларускай мовы, толькі спрыяе таму, каб расла запатрабаванасьць у навучаньні па-беларуску, веданьні менавіта сваіх літаратуры і гісторыі.
Фінансава школу падтрымліваюць мясцовыя беларусы
— Я была адна і шукала людзей, якія зьвядуць мяне з украінскім бокам. Я хацела стварыць сапраўдную школу, а не чарговыя онлайн-курсы. Першым штуршком былі мае дзеці, якія былі вымушаныя паехаць ва Ўкраіну са мной. Пашчасьціла знайсьці людзей, якія зьвялі мяне з прадстаўнікамі ўкраінскай адукацыйнай сыстэмы, потым пашчасьціла знайсьці донара, які на першыя два месяцы дапамог фінансава. Школа каштуе шмат грошай, а бацькі дзяцей, якія хочуць вучыцца ў ёй, ня могуць столькі плаціць. Таму я шукаю фінансавай падтрымкі, людзей, якія б падтрымалі настаўнікаў з украінскага і беларускага боку. Фінансава цяпер нас падтрымліваюць этнічныя беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне, украінскі бок дапамагае ў юрыдычных і арганізацыйных пытаньнях.
Школа не зьяўляецца камэрцыйнай, я яе рабіла не дзеля таго, каб зарабіць грошы, а дзеля таго, каб нашы дзеці працягвалі навучаньне ў іншай краіне такім чынам, быццам засталіся ў сябе дома. Нашы дзеці плянуюць вярнуцца дадому ў свабодную краіну.
Як украінцы рэагуюць на ўцекачоў зь Беларусі
— З разуменьнем. Ёсьць агульная памылка. Шмат украінцаў лічаць, што ў іх такое ўжо было, і даводзіцца пэўны час марнаваць на тое, каб патлумачыць, што ў іх было і працягваецца, але ж не такое. Калі больш падрабязна раскажаш пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, людзі ўспрымаюць гэта як жах, бо яны з такім не сутыкаліся. Вядома, у іх ідзе вайна, складаная эканамічная і няпростая палітычная сытуацыя, але ж яны не сутыкаліся з такой рэпрэсіўнай машынай.
Без доўгатэрміновых прагнозаў
— Часам губляю надзею, апускаюцца рукі, ня бачу сьвятла ў канцы тунэлю... Тады стараюся трымацца людзей, больш моцных духам. Часам не атрымліваецца і бывае дэпрэсіўны настрой, калі разумееш, як усё сурʼёзна і жахліва ў Беларусі. Таму не раблю доўгатэрміновых прагнозаў. Дакладна ведаю, што школа будзе існаваць да канца гэтага навучальнага году. У якім фармаце яна будзе існаваць далей, будзе залежаць ад падзеяў у Беларусі. Я нясу пэрсанальную адказнасьць перад усімі вучнямі і іхнымі бацькамі. Калі мы вернемся дадому, для многіх школа можа застацца запатрабаванай праз тое, што яна дыстанцыйная, а ў онлайн-фармаце мы можам працаваць зь любога месца.
Чаму ня хочацца ўсё пачынаць з пачатку
— Школа забірае шмат часу. Я працую таксама на польскім радыё Radio Wnet. У сьнежні я вярнулася зь Вільні з надзвычайнай пастаноўкі ў Рускім драматычным тэатры пʼесы «Дыхаем разам», прысьвечанай падзеям у Беларусі. Я пішу песьні. Не магу інакш жыць, бо песьні — гэта мая форма існаваньня. Пішу тэксты, пішу музыку. У сакавіку мае выйсьці кліп на новую песьню. Я вельмі сумую па маіх музыках, якіх няма побач. Няма ўмоваў, каб працягваць рэпэтыцыі.
Мне трэба тут пачынаць усё з пачатку. А мне ня хочацца ўсё пачынаць з пачатку. Я спадзяюся ў хуткім часе вярнуцца дадому і працягваць далей, як гэта і было больш за палову майго жыцьця. Галоўнае, што дапамагае нам жыць і рухацца далей — надзея. Кожны з нас зьяўляецца спэцыялістам у сваёй галіне, і кожнаму сумленнаму беларусу трэба рабіць усё тое, мы можам зрабіць дзеля нашай перамогі — курсы, малюнкі, творчыя, навуковыя заняткі, Калі мы будзем падтрымліваць адно аднаго тым, што мы працягваем жыць і працаваць, нягледзячы ні на што, то ў нас зьявіцца надзея, і асабліва ўвесну дадасьць нам сілы.