Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі адрэагаваў на заяву амбасадараў пра ператрусы 16 лютага: «Дыпляматы вырашылі прымерыць вобраз Прамэтэя»


Анатоль Глаз, прэсавы сакратар МЗС Беларусі.
Анатоль Глаз, прэсавы сакратар МЗС Беларусі.

МЗС Беларусі назваў «дыктатам і ціскам» крытыку заходнімі дыпляматамі ператрусаў у актывістаў.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз заявіў, што выпады з боку заходніх дыпляматычных прадстаўніцтваў — гэта «дыктат, непрыхаваны ціск і спроба ўмяшаньня ва ўнутраныя справы», цытуе Глаза сайт МЗС. Гэтак ён пракамэнтаваў заяву прадстаўніцтва Эўразьвязу ад імя краін-членаў і пасольстваў ЗША, Вялікай Брытаніі і Швайцарыі пра перасьлед беларускіх грамадзян рэжымам Лукашэнкі.

«З пункту гледжаньня дыпляматыі, ды і здаровага сэнсу ў прынцыпе, гэта можна трактаваць як цалкам недарэчны ўчынак. Незразумела, каго нашы калегі спрабуюць падмануць і за каго яны прымаюць беларусаў. На кожным куце дэкляруюць пазыцыю нібыта ў падтрымку незалежнасьці нашай краіны, а на справе такімі вось крокамі паказваюць, што сувэрэнітэт Беларусі яны ні ў што ня ставяць».

Пры гэтым, як сказаў Глаз, «фантасмагарычнасьць у тым, што згаданыя сьледчыя дзеяньні тычацца фінансавых аспэктаў, якія самым жорсткім чынам спыняюцца ў любой з краін-аўтараў заявы».

Акрамя таго, прэс-сакратар беларускага МЗС заявіў пра «невуцтва ў разуменьні заканадаўства» і «спробы паставіць сябе вышэй за праваахоўную і судовую сыстэмы рэспублікі».

«Незразумела, на якой падставе дыпляматы гэтых краін вырашылі прымерыць на сябе вобраз Прамэтэя, уявіўшы сябе і кампэтэнтнымі судзьдзямі, і пракурорамі, і экспэртамі», — адзначыў Глаз.

Што заявілі заходнія амбасадары

16 лютага беларускія сілавікі па ўсёй краіне правялі 90 ператрусаў у кватэрах і офісах журналістаў, праваабаронцаў і прафсаюзных лідэраў.

Амбасады ЗША, Вялікай Брытаніі і Швэйцарыі, а таксама прадстаўніцтва Эўразьвязу ад імя ўсіх дзяржаваў ЭЗ прынялі супольную заяву ў сувязі зь ператрусамі і затрыманьнямі праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных актывістаў, якія адбыліся 16 студзеня.

У заяве гаворыцца:

«Беларускія ўлады працягваюць узмоцнены перасьлед грамадзянскай супольнасьці краіны. Гэта павінна спыніцца. Улады перасьледуюць праваабаронцаў, супрацоўнікаў СМІ, прадстаўнікоў прафсаюзаў і адвакатаў. Учора па ўсёй краіне прайшлі ператрусы ў дамах і офісах сама меней трыццаці актывістаў, у тым ліку праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Гэта непрымальна.

Беларусаў перасьледуюць за рэалізацыю іх фундамэнтальных правоў падчас мірных пратэстаў супраць выбараў у жніўні 2020 году, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і супраць жорсткасьці з боку праваахоўных органаў, якая працягваецца.

Адбыліся сотні палітычна матываваных судовых працэсаў. Беларусаў пазбаўляюць самых базавых правоў, уключаючы права на справядлівы судовы разбор і права на чалавечнае абыходжаньне ў зьняволеньні.

Мы працягнем каардынаваць нашы меры ў дачыненьні да сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых. Толькі дэмакратыя, павага да правоў чалавека, вяршэнства права і свабодныя і справядлівыя выбары, якія паважаюць дэмакратычную волю народу Беларусі, могуць гарантаваць стабільную, сувэрэнную і квітнеючую будучыню Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG