Амаль трое сутак Надзея правяла ў ІЧУ на Акрэсьціна — у перапоўненай камэры бязь цёплых рэчаў і сродкаў гігіены. 1 лютага суд над ёю пачаўся, пасьля перапынку працягнуўся. Справу разглядала Тацяна Шоцік у судзе Ленінскага раёну Менску, піша Tut.by.
Падчас першага пасяджэньня адвакат Валеры Зінкевіч хадайнічаў, каб запатрабавалі запісы з камэраў відэаназіраньня. Яны маюць пацьвердзіць, што журналістка знаходзілася ў будынку гарадзкога палаца культуры, на ганку якога яе і затрымалі — а не каля праезнай часткі, дзе яна нібыта пікетавала «за сумленныя выбары».
Надзея Калініна прысутнічала на пасяджэньні асабіста. На ўсялякі выпадак яна склала сумку. Зьменных рэчаў і сродкаў гігіены хопіць мінімум на 30 сутак, жартуюць сябры.
На судзе высьветлілася, што адміністрацыя Дому культуры «ня можа даць відэазапісы ў сувязі са збоямі сыстэмы».
У складзеных на Надзею пратаколах гаворыцца, што яна зладзіла пікет і аказвала супраціў падчас затрыманьня. Сьведка Шымановіч (прозьвішча не сапраўднае) заяўляў, што журналістка выкрыквала «Жыве Беларусь!» і не рэагавала на ягоныя неаднаразовыя заўвагі.
Журналістка віны не прызнала, заявіўшы, што ў пратаколах дакладна ўказаны толькі адрас, па якім яе затрымалі, усё астатняе ня мае дачыненьня да рэальных падзеяў.
У выніку судзьдзя Тацяна Шоцік прызнала Надзею Калініну вінаватай па двух артыкулах і прысудзіла ёй 2320 рублёў штрафу: 50 базавых велічынь штрафу па артыкуле 23.34 КаАП і 30 базавых — па артыкуле 23.4 КаАП.