Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля зьбіцьця сілавікамі ў жыхара менскай «плошчы Пераменаў» разьвілася злаякасная лімфома


Сілавікі шукаюць пратэстоўцаў па пад'ездах, 15 лістапада 2020
Сілавікі шукаюць пратэстоўцаў па пад'ездах, 15 лістапада 2020

43-гадовы жыхар дома на «плошчы Пераменаў» летась 15 лістапада схаваў у сябе некалькі чалавек, якія прыйшлі на акцыю памяці забітага мастака Рамана Бандарэнкі. Сілавікі зьбілі гаспадара і аштрафавалі.

Цяпер мужчына праходзіць хіміятэрапію — лекары кажуць, што лімфома магла разьвіцца на глебе стрэсу. Яму патрэбныя грошы на лячэньне, паведамляе «Эўрарадыё».

«У той дзень на плошчы сабралася шмат народу, — успамінае Сяргей. — Наогул я выходзіў на мітынгі, але тады назіраў з акна. Спачатку было ўсё спакойна. Потым прыехалі сілавікі, пачалі разганяць і затрымліваць людзей. Я ўбачыў, як некалькі чалавек забеглі ў наш пад’езд, і ўпусьціў да сябе дваіх хлопцаў і дзьвюх дзяўчат».

Па пад’ездзе хадзілі амапаўцы і шукалі тых, хто схаваўся. Некалькі гадзін госьці сядзелі ціха, размаўлялі шэптам. Позна ўвечары адна зь дзяўчат усё ж вырашыла рызыкнуць і паехаць дадому. Але сілавікі яе спынілі і прымусілі прызнацца, у якой кватэры была.

«Да нас пачалі ламіцца, — працягвае Сяргей. — Тузалі за ручку, пастаянна званілі ў званок, стукалі нагамі, раўлі: „Мы выламаем дзьверы!“. Я адчыніў, бо не сумняваўся, што так і зробяць».

У кватэру ўварваліся сямёра сілавікоў — хтосьці з дубінкамі, хтосьці са зброяй. «Усім ляжаць! Сюды!» — крычалі яны. Сяргея паклалі на падлогу. Білі дубінкамі ў жывот, па сьпіне, па галаве.

Усіх, акрамя жонкі Сяргея, павезьлі ў Цэнтральнае РУУС. Калі «грузілі», таксама зьбівалі.

«Пастаянна пхалі і раўлі, калі вялі нас у міліцыю. Калі павольна ідзеш або павольна рэагуеш, тыкалі дубінкамі. У РУУС крычалі: „Куды лезеце?“ Сказалі, што я наогул сяду, і надоўга. У выніку склалі пратакол, судзілі па артыкуле 23.34 і выпісалі штраф на 540 рублёў».

На наступны дзень Сяргей адчуў моцную слабасьць і зьвярнуўся па дапамогу. Яго шпіталізавалі, абсьледавалі і выявілі злаякасную пухліну, хоць раней недамаганьняў ён не адчуваў. Лекары выказалі здагадку, што хвароба разьвілася на глебе стрэсу.

На лекі і далейшае аднаўленьне мужчыну неабходна 3000 рублёў. Дзе іх узяць, ён не ўяўляе.

Лекары кажуць, што шанец на выздараўленьне ёсьць. Калі хто можа падтрымаць пацярпелага, можна напісаць яму ў тэлеграм @razambel.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG