Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакі на новым працэсе супраць Навальнага жорстка паспрачаліся. Суд абвясьціў перапынак да 12 лютага


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Міравы суд у Маскве ў пятніцу абвясьціў перапынак да 12 лютага па крымінальнай справе аб паклёпе ў дачыненьні да Аляксея Навальнага.

Апазыцыянэр абвінавачваецца ў распаўсюджваньні заведама ілжывых зьвестак, якія ганьбяць гонар і годнасьць удзельніка здымкі рэклямнага відэа за папраўкі да Канстытуцыі, 95-гадовага вэтэрана Другой сусьветнай вайны Ігната Арцёменкі.

Раней у пятніцу судовы працэс быў адноўлены пасьля таго, як яго прыпынілі з прычыны лячэньня Навальнага ў Нямеччыне пасьля атручваньня баявым атрутным рэчывам з групы «Навічок».

Аляксей Навальны, які знаходзіцца пад вартай па іншай крымінальнай справе, быў дастаўлены раніцай у Бабушкінскі суд для ўдзелу ў выязным пасяджэньні. Каля будынка ўзмоцненыя меры бясьпекі, паведамляе ТАСС.

Справа супраць Навальнага была распачата ў сярэдзіне чэрвеня летась. У сваіх сацсетках Навальны заявіў, што людзі, якія зьняліся ў агітацыйным роліку тэлеканалу RT за папраўкі да Канстытуцыі, — прадажныя халуі і здраднікі.

Паводле вэрсіі сьледзтва, гэтыя словы абразілі Ігната Арцёменку. Згодна з пратаколам допыту, пост Навальнага пераказаў яму сусед па дачным участку. Пасьля гэтага ён папрасіў сваю сядзелку паказаць яму гэты запіс, у выніку, як сьцьвярджаецца, у яго пагоршыўся стан здароўя.

Навальны віны не прызнае і лічыць свой перасьлед палітычна матываваным.

Паводле інкрымінаванага артыкула апазыцыянэру пагражае штраф да мільёна рублёў або ў выглядзе яго гадавога даходу і абавязковыя працы на тэрмін да 240 гадзін.

Пазыцыя абвінавачваньня і абароны

Пракурор у судзе заявіла, што падтрымлівае абвінавачаньне ў паклёпе на адрас Навальнага.

Сам Навальны сказаў, што абвінавачаньне яму незразумелае, Арцёменкі ён ня ведае і лічыць, што пажылога чалавека выкарыстоўваюць «як ляльку на ланцугу».

Адвакат Навальнага Вадзім Кобзеў апублікаваў пісьмовую пазыцыю абароны.

Абарона лічыць, што Навальны ў сваім камэнтары выказаў ацэначныя меркаваньні, а не паклёп на вэтэрана. Гэта пацьвярджае прафэсар, спэцыяліст па лексыкаграфіі Анатоль Баранаў, які склаў лінгвістычнае заключэньне на просьбу абароны.

На думку экспэрта, выказваньні Навальнага ня ўтрымліваюць паведамленьняў пра якія-небудзь факты, якія можна абвергнуць, а толькі ацэначныя нэгатыўныя характарыстыкі. Паклёп жа — гэта менавіта паведамленьне пра заведама ілжывыя факты пра чалавека з мэтай яго зганьбіць.

Таксама адвакаты лічаць, што «крымінальны перасьлед Навальнага зьвязаны выключна зь ягонай актыўнай палітычнай дзейнасьцю, крытыкай дзейнага прэзыдэнта РФ Пуціна, а таксама з публічнымі выкрыцьцямі карупцыйнай дзейнасьці найвышэйшых службовых асоб Расеі.

Навальны ў сваім выступе сказаў, што справа супраць яго была «сфабрыкаваная» журналістамі RT, якія з усіх, хто зьняўся ў роліку пра Канстытуцыю, зьвярнулі ўвагу менавіта на вэтэрана, «каб яго мэдалямі абараняць злодзея Пуціна».

Пацярпеламу стала дрэнна

Арцёменка прыняў удзел у пасяджэньні празь відэасувязь, пры гэтым разам зь ім у памяшканьні знаходзіліся яшчэ дзьве жанчыны — яго дачка і судзьдзя, накіраваная туды на просьбу суду. Навальны выступіў зь пярэчаньнямі супраць гэтага. На яго думку, Арцёменка не разумее, што адбываецца, а жанчыны падказваюць яму адказы на пытаньні суду.

Акрамя таго, відэасувязь працавала зь перабоямі. Суд абвясьціў перапынак, каб наладзіць яе працу.

Пасьля Навальнага выступіў Арцёменка. Ён заявіў, што Навальны «назваў яго здраднікам Радзімы». «Я хачу, каб Навальны публічна прынёс прабачэньні перада мной і перад памяцьцю актора Ланавога», — заявіў вэтэран.

Таксама па відэасувязі суд дапытаў суседку Арцёменкі. Ёй таксама 95 гадоў. Яна лічыць, што Арцёменку «абылгалі ў роліку».

Навальны спытаў у яе, што зрабілі б падчас вайны беларускія партызаны зь людзьмі, «якія крадуць пэнсіі», ці не зьяўляюцца здраднікамі людзі, якія павысілі пэнсійны ўзрост, і чаму пэнсія ў расейскіх вэтэранаў меншая, чым у нямецкіх салдат. Судзьдзя адвяла пытаньні.

Пры допыце яшчэ аднаго сьведкі — сядзелкі Арцёменкі — відэасувязь зноў зламалася. Навальны пачаў пратэставаць супраць такой арганізацыі допыту сьведак, і судзьдзя прыстрашыла, што яго выведуць з залі за парушэньне парадку.

Нягледзячы на пярэчаньні абароны Навальнага, суд пасьля гэтага ня стаў задаваць Арцёменку пытаньні, замест гэтага былі зачытаныя яго паказаньні, дадзеныя летам. Чытаньне, аднак, давялося перапыніць — вэтэрану стала дрэнна, яму выклікалі хуткую. Навальны пасьля гэтага зноў абвінаваціў сваіх апанэнтаў у тым, што яны «зьдзекуюцца» з пажылога чалавека, выкарыстоўваючы яго ў сваіх мэтах.

  • 2 лютага Сіманаўскі суд Масквы пастанавіў адправіць Аляксея Навальнага ў калёнію. Умоўнае пакараньне, якое ён атрымаў па справе «Іў Рашэ» ў 2014 годзе, замянілі на 3,5 года калёніі агульнага рэжыму. Апазыцыянэр павінен правесьці ў зьняволеньні больш за два з паловай гады. Рашэньне суду пакуль не ўступіла ў сілу. Да разгляду апэляцыі Навальны знаходзіцца ў СІЗА.
  • Краіны Захаду лічаць яго крымінальны перасьлед палітычна матываваным. Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў вызваліць апазыцыянэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG