Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцаў «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю» прызналі палітвязьнямі. Усяго ў Беларусі такіх цяпер 227


Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі. Фотакаляж
Сяргей Драздоўскі (зьлева) і Алег Граблеўскі. Фотакаляж

У сумеснай заяве ад 5 лютага беларускія праваабарончыя арганізацыі патрабуюць неадкладна вызваліць праваабаронцаў «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю» Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага.

«Перасьлед, аказаньне ціску за законную праваабарончую дзейнасьць, [за] аказаньне бязвыплатнай прававой дапамогі грамадзянам, [за] доступ арганізацый грамадзянскай супольнасьці да рэсурсаў зьяўляецца абсалютна недапушчальным і непрымальным», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Праваабаронцы лічаць перасьлед Алега Граблеўскага і Сяргея Драздоўскага з боку ўладаў палітычна матываваным, накіраваным на спыненьне іх дзейнасьці па абароне правоў чалавека і асноўных свабод, прызнаюць іх палітвязьнямі і патрабуюць:

  • вызваліць іх з-пад варты і спыніць іх крымінальны перасьлед;
  • спыніць перасьлед і ціск у дачыненьні да ўсіх праваабаронцаў Беларусі, прыцягненьне іх да крымінальнай адказнасьці ў сувязі зь іх законнай дзейнасьцю;
  • неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі;
  • спыніць умяшаньне, неабгрунтаваныя праверкі і кантроль за дзейнасьцю арганізацый грамадзянскай супольнасьці, выкарыстаньне сілавых мэтадаў пры правядзеньні праверак, у т.л. праваабарончых арганізацый, перашкоды рэалізацыі права на доступ да фінансаваньня.
  • Дырэктара «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю» Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага затрымалі 3 лютага і адвезьлі на допыт у Сьледчы камітэт. Алега Граблеўскага пасьля допыту затрымалі на тры дні і адвезьлі ў ізалятар на завулку Акрэсьціна, Сяргея Драздоўскага пасадзілі пад хатні арышт з забаронай на выкарыстаньне сродкаў камунікацыі.
  • Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю падазрае, што арганізацыя незаконна завалодала дабрачыннымі ўнёскамі і міжнароднай дапамогай. У «Офісе правоў людзей з інваліднасьцю» правялі ператрус. 2 лютага Драздоўскага і Граблеўскага выкліка́лі ў ДФР для апытаньня, пасьля яны расказалі пра зьдзекі там.
  • Са жніўня 2020 году за законную праваабарончую дзейнасьць у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца каардынатарка валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова, валянтэр «Вясны» Андрэй Чапюк, прадстаўнікі гомельскага аддзяленьня «Вясны» Леанід Судаленка, Тацяна Ласіца. Многія праваабаронцы пасьля выбараў трапілі пад адміністрацыйны перасьлед.
  • Па стане на 5 лютага ў Беларусі ўжо 227 палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG