У якой ступені рэфэрэндум у 1995 быў ініцыятывай Лукашэнкі, а ў якой — патрабаваньнем Крамля?
Стратэгічна рэфэрэндум быў выгадны Расеі, якая ўжо пачала «зьбіраць землі». Таму Масква была зацікаўленая ў спыненьні нацыянальнага адраджэньня, сымбалямі якіх былі бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня», прыніжэньні статусу беларускай мовы, падпісаньні інтэграцыйных дамоваў.
Сваім рэфэрэндумам Лукашэнка імкнуўся з аднаго боку, вытаргаваць у Масквы танныя энэрганосьбіты, а з другога — умацаваць саюз з расейскімі камуністамі і зрабіць пляцдарм для паходу на Крэмль. Ідэяй Лукашэнкі было стварэньне агульнай дзяржавы шляхам далучэньня Беларусі да Расеі (гэта ён казаў адкрыта) і ўзыходжаньне на крамлёўскі трон (пра што ён заяўляў у вузкім коле). Для гэтага ён мусіў ня проста спыніць, але і зьнішчыць нацыянальнае адраджэньне і ягоны палітычны авангард (фармулёўка Васіля Быкава) — Беларускі народны фронт.
Але рэфэрэндумам Лукашэнка рэалізаваў тое, пра што ў Маскве хіба што толькі марылі і што не ўдалося зрабіць у іншых былых савецкіх рэспубліках.
Маю на ўвазе зьмену дзяржаўнай сымболікі.
Я далёкі ад таго, каб рабіць зь Ельцына вялікага дэмакрата і тым больш прыхільніка беларускай незалежнасьці. Але сымбалі — іншае.
Менавіта Ельцын замяніў савецкія сымбалі ў Расеі на трыкалёр («Уласаўскі сьцяг!» — дадаў бы адзін выпускнік гістфаку Магілёўскага пэдінстытуту), і двухгаловага арла («у мэтах аднаўленьня гістарычнай сымболікі Расейскай дзяржавы» — тлумачылася ў ельцынскім указе). Быў уведзены і новы гімн.
Тыя, хто быў блізкі да Ельцына пасьля ягонай адстаўкі, сьведчаць, што да вяртаньня гімну СССР Пуціным ён паставіўся адмоўна.
У гады ж свайго прэзыдэнцтва Ельцын не патрабаваў ад якой-небудзь былой савецкай рэспублікі адмовы ад нацыянальных і вяртаньня савецкіх сымбаляў. Ніякая краіна (акрамя Беларусі) гэтага і не зрабіла. Нават Армэнія, «завязаная» на Маскву ці ня ў большай ступені, чым Беларусь. Нават Малдова, значная частка тэрыторыі якой (Прыднястроўе) фактычна кантралюецца Масквой.
Не патрабаваў Ельцын такога і ад Менску. Ні ў часы Шушкевіча і Кебіча, ні ў часы Лукашэнкі.
У мяне ёсьць і асабістыя аргумэнты для такой высновы. У пачатку 1995-га ў складзе афіцыйнай дэлегацыі Вярхоўнага Савета мне давялося наведаць Дзяржаўную думу Расеі і ўдзельнічаць у парлямэнцкіх слуханьнях аб беларуска-расейскай інтэграцыі (ад імя Апазыцыі БНФ я выказаў катэгарычнае яе непрыманьне). На слуханьнях шмат гаварылася пра розныя аспэкты гэтай самай «інтэграцыі», але тэмы сымболікі не гучала.
Тады ж я сустрэўся са старшынём Камітэту абароны Дзярждумы Сяргеем Юшанковым, зь якім меў вельмі добрыя стасункі (ён быў дэмакрат, пазбаўлены імпэрскай мэнтальнасьці, за што неўзабаве яго і адхілілі ад кіраўніцтва камітэтам; жонка ягоная, дарэчы, беларуска. У 2002-м ён выступіў супраць пабудовы ў Расеі паліцэйскай дзяржавы, у 2003-м быў застрэлены). Мы шмат што абмеркавалі, і, калі б у Крамля была ідэя зьмяніць дзяржаўныя сымбалі, Сяргей мне б паведаміў.
Затое вяртаньне савецкай (а па сутнасьці камуністычнай) сымболікі было на руку як праімпэрскім сілам у Беларусі, так і галоўнаму ворагу Ельцына — лідэру расейскай кампартыі Зюганаву. Як Лукашэнка ніколі не насіў бел-чырвона-белага дэпутацкага значка (насіў БССРаўскі), так і Зюганаў не чапляў на лацкан расейскі трыкалёр. Кантраляваная камуністамі і жырыноўцамі Дзярждума нават прыняла адмысловую заяву з ухваленьнем вынікаў рэфэрэндуму.
Перад Ельцыным Лукашэнка выявіўся як халоп, згодны расплаціцца за энэрганосьбіты тым сьвятым, што ёсьць у нацыі. Перад камуністамі — правадыром, гатовым пачаць аднаўленьне савецкай імпэрыі, зьнішчыўшы незалежнасьць сваёй краіны.
Беларускай жа нацыі рэфэрэндум 1995-га, які зьняважыў яе гісторыю і мову, пераламаў хрыбет — больш дакладнага азначэньня той падзеі знайсьці не магу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.