Артыст камэрнага хору Дзяніс Іваноў выйшаў на волю, паведамляе тэлеграм-канал «Выбары бачыш?» са спасылкай на родных сьпевака.
Разам з тым, Тэлеграм-канал GIRL POWER BELARUS паведаміў пра затрыманьне побач з ізалятарам на Акрэсьціна адной зь дзяўчат, якая сустракала Іванова. Затрыманая прадзюсарка і рэжысёр Карына Хацкалава.
Дзяніса затрымалі 25 студзеня на працоўным месцы ў Белдзяржфілярмоніі. Суд адправіў яго справу на дапрацоўку. У чацьвер міналі трое сутак з моманту яго затрыманьня, але Дзяніса ня выпусьцілі.
29 студзеня прайшоў яшчэ адзін суд, на якім высьветлілася, што на артыста складзены новы пратакол. Справу зноў адправілі на дапрацоўку.
У выніку музыка быў затрыманы шэсьць сутак.