Супрацоўнік спачатку спрабаваў выцягнуць тронак з дапамогай малатка, але той ад марозу моцна трымаўся. Тады няпрошаны госьць проста адламаў тронак і скінуў сьцяг.
Сам Алесь Пушкін у гэтыя дні працуе на Магілёўшчыне. У Жылічы Кіраўскага раёну ён адправіўся ад працы ў арганізацыі «Белрэстаўрацыя». Мастак расказаў Свабодзе, што відэа зь візыту камунальнікаў у іхны дом здымала жонка. Сам ён вернецца ў Бобр толькі празь некалькі дзён.
«Я купіў гэты дом у 1996-м, а з 1997 там нязьменна лунае нацыянальны сьцяг. Я яго пэрыядычна абнаўляў, каб сымбаль меў прывабны выгляд. Відаць, паступіла каманда зьнішчыць „апошні бастыён“ беларускага нацыяналізму, хаця я бачыў і іншыя атакі на беларусаў. Напрыклад, да Ігара Случака прыяжджалі, фатаграфавалі сьцяг».
Алесь Пушкін мяркуе, што падобную антыбеларускую акцыю маглі зладзіць знарок у гэтыя дні, ведаючы пра ягоную адсутнасьць у Бабры.