На працэс у суд Савецкага раёну Менска прыйшоў яе муж Валер Асіпёнак, і яго затрымалі яшчэ да пачатку суду, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Яму сказалі, што ў дачыненні да яго праводзіцца нейкая праверка. Ён паспеў перадаць адвакату Алены відэаматэрыялы, якія зьяўляюцца доказамі яе невінаватасці.
Учора міліцыянт Громаў у судзе сведчыў, што Алена 26 студзеня пікетатавала каля ГЦ «Маскоўска-Венскі» ў цёмнай куртцы і цёмнай шапцы. Але ў гэты час жанчына была на працоўным месцы ў краме, тым больш што ў яе белая куртка і ходзіць яна бяз шапкі.
Судзьдзя Воўк адправіў справу Алены паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП на дапрацоўку. Пакуль незразумела, ці выпусцяць яе на волю.
26 студзеня, як расказалі Свабодзе сябры ўладальнікаў павільёна з адзеньнем і сувэнірамі ў нацыянальным стылі, напярэдадні ў краму, якая месьціцца ў гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі», наведаліся кантралёры з МНС.
Уладальнікам крамы Валеру і Алене Асіпёнкам уручылі прадпісаньне на ліквідацыю парушэньняў пажарнай бясьпекі. Павільён мелі зачыніць да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя прадпісаньні.
26 студзеня Валера выклікалі ў аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Пасьля адказаў на пытаньні яго адпусьцілі. Але ў гэты час на працоўным месцы міліцыянты затрымалі яго жонку.
Адной з прычын затрыманьня, паводле суразмоўцаў, стаў гандаль «незарэгістраванай сымболікай».
У сям'і непаўналетнія дзеці, яны вучацца ў беларускамоўнай гімназіі № 4 у Менску.